Фотавыстава «Гербарый каханьня»: сэксуальнае жыцьцё расьлін

Ці ўмеюць расьліны кахаць? Калі не, то адкуль бяруцца кветкі? «Кветка — гэта радасьць расьліны», — сьцьвярджаў Карл Лінэй. Менавіта гэтаму выбітнаму швэдзкаму навукоўцы і прысьвечаная фотавыстава Эдварда Коінбэрга, які знайшоў крыніцу натхненьня ў нечакана паэтычнай полавай клясыфікацыі расьлін Лінэя. Выстава працуе з 13.03 па 13.04.­

 

Адкрыцьцё выставы, прысьвечанай 300-годзьдзю з дня нараджэньня Карла Лінэя, адбудзецца 13 сакавіка а 17.00 у Нацыянальным музэі гісторыі і культуры (Менск, вул. К. Маркса, 12). Выстава праходзіць у межах культурнай праграмы Аддзяленьня Амбасады Швэцыі ў Менску пры падтрымцы Швэдзкага Iнстытута.

У рамках выставы 12 сакавіка а 18.00 на базе галерэі візуальнага мастацтва NOVA Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы (Менск, вул. Веры Харужай, 16), пройдзе сустрэча з фотамастакамі Эдвардам Коінбэргам і Кенэтам Гунарсанам, прысьвечаная сучаснай фатаграфіі ў Швэцыі. Да ўдзелу запрашаюцца беларускія фотамастакі, студэнты і ўсе зацікаўленыя.

Цыкл фотаздымкаў Эдварда Коінбэрга «Гербарый каханьня» можна параўнаць з фота гербарыям. Выстава была ўпершыню паказаная ў Стакгольме ў 2003. Эдвард Коінбэрг стварае фотаздымкі расьлін у стылі, які адсылае нас да часоў Лінэя ці нават яшчэ раней. 

Непасрэдным імпульсам да стварэньня «Гербарыя каханьня» стала тэорыя пра любоўнае жыцьцё расьлін, распрацаваная Карлам Лінэям.

«Кветка — гэта радасьць расьліны», — сьцьвярджае Лінэй ва ўводзінах да клясыфікацыі расьлін паводле сыстэмы размнажэньня, і дадае з трыюмфам: «Так расьліна рэпрадукуе сябе! Кветаложа — гэта шлюбны ложак, дзе песьцік і тычынка ўступаюць у саюз. Тычынкавыя ніці — гэта насенныя канальцы, слупок песьціка — вагіна, завязь песьціка — жаночы яечнік, семязачатак — сасьпелая яйцаклетка, семя — аплодненая яйцаклетка».

Магчыма, што, калі Ліней праводзіў паралелі паміж сыстэмамі размнажэньня людзей і расьлін, ён меў на мэце вобразна і ярка паказаць, як працуе прырода.

Куратар і фатограф Эдвард Коінбэрг так распавядае пра ідэю стварэньня гэтай выставы:

«Калі я ўпершыню сутыкнуўся з тэкстамі Лінэя, я зьдзівіўся яго вольнай паэтычнай мове. Я не чакаў такога ад навукоўцы. Яго тэксты прасякнутыя сапраўднай любоўю да расьлін. Яго параўнаньне сэксуальнасьці расьлін і людзей былі пэдагагічным інструмэнтам, з дапамогай якога Лінэй апісваў падабенства размнажэньня».

Пaводле Sweden.by

Фота з Нerbariumamoris.se

10:43, 11/03/2008 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0555 seconds.