У ЭГУ пачаўся прыём у бакаляўрыят
Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт аб’яўляе аб пачатку прыёму студэнтаў на дзённае і завочнае аддзяленьні бакаляўрскіх праграм па ўсіх спэцыяльнасьцях. Прыёмная кампанія на бакаляўрскіх праграмах ЭГУ будзе праводзіцца ў некалькі этапаў і завершыцца ў канцы жніўня: 20.08 на дзённым аддзяленьні і 22.08 на завочным.
Стаць студэнтам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту можна на аддзяленьнях дызайну, гісторыі, філязофіі, камунікацыі і інфармацыі, паліталёгіі і эўрапейскім дасьледаваньням, міжнароднаму праву, сучаснаму мастацтву, турызму і рэкрэацыі.
Першы этап адбору абітурыентаў праводзіцца па дакумэнтах, якія дасылаюцца электроннай поштай. Абітурыенты вочных праграм, якія прайшлі першы этап адбору, запрашаюцца на ўступныя іспыты ў Вільнюс.
Для бліжэйшага знаёмства з акадэмічнымі праграмамі ЭГУ абітурыенты і іх бацькі запрашаюцца ў Вільнюс на дні адчыненых дзьвярэй, якія будуць праводзіцца ў апошнюю суботу кожнага месяца з сакавіка па чэрвень 2008: 29 сакавіка, 26 красавіка, 31 траўня і 28 чэрвеня.
У гэтым навучальным годзе Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту спаўняецца 15 год. Сёньня бакаляўрамі і магістрамі ЭГУ зьяўляюцца больш за паўтары тысячы маладых беларусаў. Цікавасьць да навучальнай установы ўвесь час расьце.
Поўную інфармацыю аб адукацыйных праграмах ЭГУ можна атрымаць на сайце ўнівэрсытэта.
Паводле прэс-рэлізу