Удакладняюцца некаторыя правілы прыёму на 2008/2009 навучальны год

Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі першы намесьнік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Жук зрабіў некалькі важных заяваў: наконт колькасьці бюджэтных месцаў і правілаў паступленьня на платную форму. Ён таксама ўдакладніў, калі будзе распрацаваны парадак правядзеньня папярэдняга сумоўя для паступленьня на «адмысловыя» спэцыяльнасьці, пералічаныя ў Загадзе №70.


Па-першае, Аляксандр Жук паведаміў, што скарачэньня колькасьці бюджэтных месцаў у плянах на гэты год няма.

Аднак Жук ня выключыў павелічэньня або зьмяншэньня прыёму на асобныя спэцыяльнасьці «у залежнасьці ад патрэбаў нацыянальнай эканомікі». Намесьнік міністра паведаміў, што Міністэрства адукацыі завяршае працу «па фармаваньні кантрольных лічбаў прыёму». Па ягоных словах, гэтая інфармацыя ў бліжэйшы час будзе даведзеная да ВНУ і абітурыентаў.

У мінулым годзе прыём у дзяржаўныя ВНУ быў скарочаны: на 15% — на прававыя спэцыяльнасьці, на 18% — на эканамічныя, на 25% — на некаторыя пэдагагічныя спэцыяльнасьці. Агулам прыём у ВНУ Мінадукацыі скараціўся на 700 бюджэтных месцаў (500 — дзённая форма, 200 — завочная).

Так, у 2006/2007 навучальным годзе ў БДУ платнікаў на першы курс набралі больш, чым на бюджэтныя месцы: 2030 і 1936 чалавек адпаведна.

У БДЭУ у пляне на 2007 значыцца 920 бюджэтных і 1200 платных месцаў для дзённага навучаньня, а на завочнай форме колькасьць платнікаў у разы большая: 2725 у параўнаньні з 530 бюджэтнымі месцамі.

Агулам у мінулым годзе ў ВНУ Беларусі паступілі больш за 75,3 тысячы чалавек, зь іх на бюджэт — 30,8 тысяч чалавек.

Роўныя ўмовы паступленьня на платнае і бюджэт

Таксама ў гэтым годзе абітурыенты будуць паступаць на бюджэтную і платную форму на роўных умовах. Раней абітурыент мог удзельнічаць у конкурсе на атрыманьне платнай адукацыі толькі пасьля таго, як паўдзельнічаў у іспытах на бюджэтную форму. Зараз абітурыент можа адразу падаваць дакумэнты на платную форму.

Ня ўсіх бяруць у журналісты 

Апроч кантрольных лічбаў прыёму ў бліжэйшы час — цягам тыдню — будзе распрацаваны парадак правядзеньня сумоўя альбо тэставаньня пры паступленьні на некаторыя спэцыяльнасьці.

Згодна Загаду прэзыдэнта № 70, абітурыенты, якія маюць намер паступаць на «адмысловыя» спэцыяльнасьці: «дзяржаўнае кіраваньне», «дзяржаўнае кіраваньне і права», «правазнаўства», «эканамічнае права», «журналістыка», «міжнародная журналістыка», «мытная справа» — мусяць прайсьці папярэдняе сумоўе і тэставаньне да 1 траўня. Такім чынам, на момант тэставаньня ў ВНУ абітурыенты будуць ведаць вынікі сумоўя.

­­
Уні Вера 19:23, 13/02/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0608 seconds.