Правілы прыёму ў ВНУ і ССНУ зьмененыя

У Беларусі зьмененыя правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы. Адпаведны Указ № 70 Прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 8 лютага.

Указ устанаўлівае аднолькавыя ўмовы і скарачае тэрміны падачы дакумэнтаў у ВНУ і ССНУ на бюджэтную і платную формы навучаньня. Выключаны ўнутраны іспыт ВНУ па прадметах, якія ўключаны ў цэнтралізаванае тэставаньне.

Зьменшаная колькасьць катэгорый абітурыентаў, якія маюць права на пазаконкурснае залічэньне. Такое права захавана за дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама за пераможцамі і прызёрамі міжнародных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фэстываляў, спартыўных спаборніцтваў і некаторымі іншымі катэгорыямі.

Астатнія абітурыенты, якім раней прадстаўлялася такая льгота, будуць карыстацца правам пераважнага залічэньня пры роўнай колькасьці балаў, набраных на ўступных іспытах.

Дзецям-інвалідам, інвалідам І і ІІ групы прадстаўленае права ўдзельнічаць у конкурсе на завочную або вячэрнюю форму атрыманьня вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту.

У конкурсе на атрыманьне вышэйшай адукацыі па спэцыяльнасьцях, па якіх прад’яўляюцца асаблівыя патрабаваньні да спэцыялістаў, маюць права ўдзельнічаць асобы, якія прайшлі прафэсійна-псыхалягічную гутарку або тэставаньне ў ВНУ у парадку, устаноўленым Міністэрствам адукацыі.

Вызначаны крытэры конкурснага адбору для асоб, якія паступаюць для атрыманьня другой вышэйшай адукацыі.

Таксама ўнесены зьмяненьні і дапаўненьні, якія датычацца мэтавага набору на спэцыяльнасьці сельскагаспадарчага профілю, прыёму ў беларускія вышэйшыя і сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы замежных грамадзян і іншыя.

Указ будзе садзейнічаць удасканаленьню прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы, правядзеньню больш аб’ектыўнай уступнай кампаніі, нацэленай на адбор найбольш таленавітых і падрыхтаваных абітурыентаў.

Паводле President.gov.by­

­
11:58, 11/02/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2662 seconds.