У Вялікабрытаніі бастуюць пасажыры

Страйкамі транспартнікаў Эўропу ня зьдзівіш. А вось у Англіі праходзіць страйк пасажыраў прыгарадных цягнікоў. Квіткі даражэюць, а цягнікі старыя, перапоўненыя, да таго ж ходзяць не па раскладзе. Не апошнюю ролю адыгралі блогі і інтэнсіўная інтэрнэт-кампанія. Брытанскія пасажыры змагаюцца за свае правы ўпарта і крэатыўна.

 

Прыгарадным транспартным забесьпячэньнем займаецца прыватная кампанія First Great Western. Колькасьць незадаволеных якасьцю яе паслугаў няспынна расьце. На здымку вышэй людзі жадаюць паказаць, што іх перавозяць як жывёл.

Быў створаны блог I Hate First Great Western (Я ненавіджу First Great Western). Аўтар блога рэгулярна сочыць за якасьцю транспартнага забесьпячэньня. Нават значыкі з такім назовам выпусьціў.

 

Значыкі разышліся вельмі хутка. Так людзі заўважалі адзін аднаго ў цягніках. Некаторыя выкладалі свае здымкі з гэтым аксэсуарам нянавісьці ў блогу.


Той жа праблеме прысьвечаны і блог More Train Less Strain (Больш цягнікоў, менш чаканьня). Дайшло да таго, што быў створаны блог у абарону кампаніі In Defence of First Great Western (У абарону First Great Western).

Незадаволеныя кампаніяй і кіроўцы з аховай — іх страйк адбыўся 10 студзеня. Мэнэджмэнт First Great Western настолькі кепскі, што працоўныя распачалі забастоўку. Натуральна, што пасажырам стала яшчэ горш. Тады аўтар блога I Hate First Great Western наракаў, што пасажыры ня могуць абвясьціць страйк і вымушаны пакутаваць з таго, што First Great Western не клапоціцца пра сваіх супрацоўнікаў.

І вось адбылося — незадавальненьне разьвіртуалілася. Па ініцыятыве блогу More Train Less Strain пасажыры вырашалі баставаць. Сутнасьць страйку — не праехацца на халяву, а прыцягнуць увагу кампаніі, прымусіць First Great Western прыняць рэальныя меры. Днём забастоўкі быў прызначаны панядзелак 28 студзеня. Замест сапраўдных квіткоў пасажырам прапанавалі прад’яўляць кантралёрам штучныя, зь зьдзеклівымі надпісамі ў бок First Great Western.

 

Яшчэ напярэдадні акцыі кіраўніцтва кампаніі прынесла свае выбачэньні. Паабяцала не падвышаць кошты на праезд у гэтым годзе, а таксама кампэнсацыю за спазьненьне цягніка больш чым на гадзіну ў памеры падвойнага кошту квітка.

Але страйк усё роўна распачаўся. Толькі за раніцу было распаўсюджана 10 тысяч «страйкаўскіх» квіткоў. І гэта нягледзячы на тое, што First Great Western пагражала штрафам у тысячу фунтаў або зьняволеньнем да трох месяцаў

Зараз пагражаюць пасажыры: кампаніі было дадзена 14 месяцаў на вырашэньне ўсіх праблем. У адваротным выпадку страйкі будуць працягвацца пакуль урад не пазбавіць First Great Western ліцэнзіі:

«Раней яны проста шмат выбачаліся і абяцалі, але, па сутнасьці, не рабілі нічога істотнага», — кажа прадстаўнік More Train Less Strain.

Дарэчы, крытыкі ў бок брытанскай транспартнай сыстэмы заўсёды было шмат. Асабліва любяць прыводзіць Вялікабрытанію ў прыклад у краінах, дзе транспарт — дзяржаўная манаполія. Але калі кампанія не спраўляецца са сваімі абавязкамі, а грамадзкае незадавальненьне дасягае крытычнай масы, прымаюцца меры.

Цікава, што было б, калі б у нашых цягніках езьдзілі людзі са значыкамі «Я ненавіджу Міністэрства транспарту» і прад’яўлялі несапраўдныя квіткі?

З гісторыі пра транспартную забастоўку ў Вялікабрытаніі можна вынесьці таксама і карысны досьвед блогерства. Дзякуючы блогам, у якіх праблема транспартнага забесьпячэньне не заставалася без увагі, дзе людзі маглі знайсьці сваіх «братоў па няшчасьці», і стала магчымым мабілізаваць вялікую колькасьць людзей.

­
SlaDa 16:02, 28/01/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0594 seconds.