Скідваемся на Гігею
Скульптурную выяву грэцкай багіні здароўя, ад імя якой было ўтворанае слова “гігіена”, адміністрацыя мяркуе ўсталяваць каля галоўнага корпусу навучальнае ўстановы. Мінімальны студэнцкі ўнёсак у ажыцьцяўленьне ідэі рэктара ВМУ Аляксандра Касінца — 500 рублёў.
Своеасаблівае захапленьне адміністрацыі ВМУ старажытнай грэцкай міталёгіяй пачалося яшчэ колькі гадоў таму, і ў выніку ў фае галоўнага корпусу ўжо зьявіліся дзьве вялікія бліскучыя фігуры на поўны рост: статуя знакамітага Гіпакрата ды статуя патрона ўсіх лекараў, грэцкага бога Асклепія, таксама вядомага, але болей пад рымскім імем Эскуляп. Студэнты жартуюць, што неўзабаве на падворку мэдунівэрсытэту можа зьявіцца цэлы пантэон! Зрэшты, яны хацелі бы бачыць тут зусім іншыя постаці:
(Хлопец: ) “Я лічу, што каля мэдунівэрсытэту абавязкова мусіць быць помнік Абу Алі Ібн Сіна”.
(Дзяўчына: ) “Помнік Дарвіну, да прыкладу…”
(Хлопец: ) “А я лічу, што помнікаў у нас ужо дастаткова. Тут вось колькі гадоў ідзе рамонт у інтэрнаце №4, дык лепей бы на яго пусьцілі сабраныя сродкі!”
(Карэспандэнтка: ) “А ці многа грошай вам трэба здаваць?”
(Хлопец: ) “Мінімум 500 рублёў. Паколькі сярэдняя стыпэндыя складае каля 20 даляраў, то ніхто ня хоча нават такіх грошай здаваць добраахвотна”.
(Дзяўчына: ) “Каля мэдунівэрсытэту ўвогуле можна шмат чаго паставіць. І скульптуру Гігеі таксама. А потым, як працяг традыцыі, каля вэтэрынарнае акадэміі можна паставіць помнік яшчуру або птушынаму грыпу!”
Тым ня менш, хто са шкадаваньнем, а хто з рогатам, але грошы студэнты паціху здаюць, бо праблемаў на “ўзроўні рэктара” ня трэба нікому. Старастам групаў ужо абвесьцілі, што скульптура гатовая, і засталося сабраць сродкі хіба на пастамэнт для Гігеі. Ці ейная выява патрэбная ўнівэрсытэту ды гораду, разважае сябра Віцебскага таварыства аховы помнікаў, краязнаўца Міхась Паўлаў (дарэчы, таксама лекар паводле адукацыі):
(Паўлаў: ) “Я не зусім разумею, навошта гэтая скульптура, якая даніна павагі Гігеі тут аддаецца? Калі ўжо ёсьць такая неабходнасьць, я бы прапанаваў паставіць тут помнік канкрэтнай асобе, чыё імя зьвязанае з унівэрсытэтам, горадам, усёй Беларусьсю. Да прыкладу, Карлу фон Гібэнталю, вынаходніку гіпсавай імабілізацыі, які жыў ды працаваў у Віцебску”.
Дарэчы, падобным чынам ушанавалі памяць тутэйшых дасьледчыкаў у Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце, усталяваўшы каля ўваходу бюсты Бахціна, Ціхамірава ды Сапунова. Што да супрацоўнікаў мэдычнага ўнівэрсытэту, то ад іх давялося пачуць наступны камэнтар:
(Спадарыня: ) “Пытаньне вельмі простае — што лепей: адрамантаваць у інтэрнаце каналізацыю або ўсталяваць помнік? За каналізацыю хіба скажуць “дзякуй” ды забудуць. А помнік дасьць магчымасьць нашаму рэктару застацца ў памяці прынамсі некалькіх пакаленьняў”.
Да гэтых словаў застаецца дадаць хіба тое, што рэктар ВМУ Аляксандар Касінец вялікі аматар ня толькі старажытнай, але і найноўшай гісторыі. Зь ягонае ініцыятывы ў навучальнай установе ня толькі зьяўляюцца стылізаваныя “грэцкія” скульптуры, але й выдаюцца цэлыя зборнікі прамоваў Аляксандра Лукашэнкі: тутэйшы выдавецкі цэнтар друкуе іх нароўні з дасьледаваньнямі вядомых прафэсараў. Прафэсары ж, у сваю чаргу, таксама вымушаныя ахвяраваць на статую Гігеі, хаця і ўскосным чынам: на ажыцьцяўленьне “гістарычных” ініцыятываў рэктара выдаткоўваюцца тыя самыя “ўнутраныя сродкі”, якія ў іншых умовах пайшлі бы на прэміі або навучальныя дапаможнікі.