Паўднёвая Карэя адмаўляецца ад папяровых падручнікаў на карысьць электронных
Міністэрства адукацыі Паўднёвай Карэі і Карэйскі цэнтар інфармацыйных дасьледаваньняў учора паведамілі аб пачатку амбіцыйнага праекту ў галіне адукацыі. Праект прадугледжвае поўную адмову ад традыцыйных папяровых падручнікаў у школе і пераход на электронныя носьбіты інфармацыі.
Ужо ў сакавіку гэтага года 20 пачатковых школ атрымаюць лічбавыя кнігі з курсам заняткаў па карэйскай і ангельскай мовам, матэматыцы, сацыялёгіі і музыцы. Такім чынам, менавіта з вучняў малодшых клясаў пачне ўвасабляцца ідэя, над якой у Карэі праца вялася яшчэ з 2002 года.
Першыя прататыпы электронных падручнікаў зьявіліся ў 2006-ым годзе. За гэты час зь імі папрацавалі каля 300 навучэнцаў і настаўнікаў, і экспэрымэнт быў прызнаны ўдалым.
"Лічбавыя кнігі" ўяўляюць сабой пляншэтныя прылады, абсталяваныя вялікім дысплэем, сілкаваньне іх адбываецца ад сеткі або акумулятара. Прынцыповыя перавагі такіх падручнікаў перад папяровымі – гэта магчымасьць прагляду відэа ды анімацыі і ўжываньне гіпэрспасылак. Падручнікі ўключаюць у сябе таксама слоўнікі, расклады, нататнікі і ўсё гэта можа аднаўляцца настаўнікам пры неабходнасьці з дапамогай бесправадной сувязі.
Карэйскія лічбавыя падручнікі таксама заменяць і школьныя сшыткі, аднак адбудзецца гэта праз 1-2 гады, калі адчувальнасьць сэнсарных экранаў павялічаць і школьнікі змогуць пісаць стылусам на экране так жа сама, як і асадкай на паперы.
Чакаецца, што перавод усіх навучэнцаў у Паўднёвай Карэі на лічбавыя падручнікі будзе завершаны да 2011 году.