Чаму людзям падабаюцца доўгія ногі?
За тым, як мадэлі гарцуюць па подыюму, з аднолькавай зацікаўленасьцю назіраюць як мужчыны, так і жанчыны. Людзей, незалежна ад полу, больш цягне да тых, хто вышэй. Навукоўцы ўжо даўна тое запрыкмецілі, але толькі зараз задумаліся над тым, які ўнёсак у агульную прывабнасьць робіць даўжыня ног.
У дасьледваньні, якое праводзілася Багуславам Паўлоскім з Унівэрсытэту ў Вроцлаве, узялі ўдзел больш за 200 мужчын і жанчын. Высьветлілася, самымі прывабнымі лічацца людзі, даўжыня ног якіх на 5% больш за сярэднюю.
Добраахвотнікам прапанавалі ацаніць прывабнасьць людзей на фотаздымках. Некаторыя здымкі былі апрацаваныя: мянялася даўжыня ног.
То бок, усе людзі на выявах былі аднолькавага росту, але даўжыня ног адрозьнівалася ад сярэдняй сярод палякаў на 5, 10 і 15%.
Незалежна ад сваёй зьнешнасьці, удзельнікам экспэрымэнту больш за ўсё спадабаліся людзі, чые ногі былі на 5% даўжэй сярэдняга. Далей ішлі тыя, у каго нармальная даўжыня ног, а за імі — тыя, у каго плюс 10%.
Па меркаваньні навукоўцаў, тое натуральна і тлумачыцца лёгка: доўгія ногі значаць здароўе.
У папярэдніх дасьледваньнях высьветлілася, што людзі з кароткімі нагамі больш пастаўленыя пад атлусьценьне,
Хаця ў дасьледваньні Ўнівэрсытэта Вроцлава ўдзельнічалі толькі паляка, Паўлоўскі мяркуе, што тое ўласьціва і іншым нацыянальнасьцям.
Выкладчык з Унівэрсытэту Ньюкасала Марцін Тові, адзначае, што больш доўгія ногі — гэта толькі адзін з мноства парамэтраў, якія сьведчаць аб добрым здароўі, асабліва ў кабет.
Ён тлумачыць, што даўжыня ног у жанчыны — гэта прыкмета дастатковага і добрага харчаваньня, спрыяльных умоваў разьвіцьця, што ўплывае на фэртыльнасьць.
Дарэчы, самыя доўгія ногі - 127 сантымэтраў — чэскай мадэлі Адрыяны Скленарыкавай патрапілі ў Кнігу рэкордаў Гінэса. Ейная бабуля была вельмі засмучаная, што маленькая Адрыяна не ўмее капаць бульбу: каму ў Чэхіі патрэбная такая жонка? Але мужа свайго Адрыяна знайшла далёка ад радзімы і дзякуючы зусім ня бульбе. Футбаліст Крыстыян Карэмбо разумее кошт здароўя. Ці то доўгія ногі, ці што іншае трымаюць на подыюме Адрыяну значна дольш, чым ейных калежанак — 10 год.