У БДЭУ значна ўзрасла плата за навучаньне

У Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце вырасла аплата навучаньня дзеля «стымуляваньня інтэлектуальна-творчай працы, умацаваньня навукова-пэдагагічнага патэнцыялу краіны і павышэньня яго ролі ў інавацыйным разьвіцьці эканомікі». Павышэньне аплаты на 24% і на 54% для пятага курса стала сапраўдным сюрпрызам да Новага году.


Новы год пачаўся для студэнтаў весела: у сьнежні скасавалі ільготы на праезд, вырасьлі цэны ў крамах і за камунальныя паслугі, нават мабільнікам карыстацца стала даражэй — павялічыўся падатак на паслугі з 5% да 10%. А тут яшчэ паведамляюць, што вырасла плата за навучаньне.

На падставе Ўказа Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 450 ад 25.09.2007 вырасьлі эканамічна абгрунтаваныя выдаткі на навучаньне студэнтаў.­

Аплата за навучаньне праводзіцца ў БДЭУ у чатыры этапы, а на пятым курсе - у тры.

Плата за трэці этап павысілася на 24% для 1-4 курсаў і на цэлых 54% - для пятага.

Варта нагадаць, што другое паўгодзьдзе на пятым курсе — гэта час, калі студэнты пішуць дыплём і праходзяць пераддыплёмную практыку і, па сутнасьці, ва ўнівэрсытэт ня ходзяць.

Такі рост аплаты патлумачылі Загадам Прэзыдэнта № 450, адпаведна якому вырас фонд заработнай платы. Згодна Загаду, вырас гэты фонд дзеля:

«стымуляваньня інтэлектуальна-творчай працы, умацаваньня навукова-пэдагагічнага патэнцыялу краіны і павышэньня яго ролі ў інавацыйным разьвіцьці эканомікі».

У «арганізацыях, якія фінансуюцца з рэспубліканскага і (альбо) мясцовых бюджэтаў, пазначаныя даплаты выплачваюцца за кошт сродкаў адпаведных бюджэтаў».

У БДЭУ выплачвацца надбаўкі за навуковыя званьні і ступені дэканам, загадчыкам катэдраў і выкладчыкам будуць за кошт студэнтаў-платнікаў.

Загад рэктара БДЭУ Шымава В.М., адпаведна якому вырас кошт навучаньня, яшчэ разглядаецца ў Міністэрстве адукацыі, але студэнтам ужо прапанавана плаціць, хаця новыя дамовы негатовыя.

Па інфармацыі, атрыманай у Міністэрстве адукацыі, сёньня пытаньне павышэньня аплаты разглядаецца ў міністра.

Хаця загад БДЭУ і падпісаны рэктарам 20 сьнежня 2007, у некаторых дэканатах ён зьявіўся толькі пасьля Новага году, стаўшы цудоўным падарункам студэнтам да сьвятаў — і парушэньнем умоваў дамовы, бо перыяд аплаты пачаўся 1 студзеня.

А згодна дамове аб аказаньні платных адукацыйных паслугаў, унівэрсытэт мае права павышаць аплату цягам году, але загад на тое мусіць зьявіцца не пазьней, чым за 10 дзён да пачатку пэрыяду аплаты.

Нягледзячы на тое, што многія студэнты ўжо пачалі аплату па новых коштах, у разьлікова-плянавым аддзеле канчатковая калькуляцыя зьявіцца толькі ў панядзелак.

На сёньняшні дзень, каб атрымаць эканамічную адукацыю, за 5 год трэба заплаціць каля 6172 даляраў і 6353 даляраў для факультэтаў Міжнародных эканамічных адносінаў і Лінгвістычнага забесьпячэньня міжкультурных камунікацыяў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0627 seconds.