Generation.by запусьціў ангельскамоўны блог пра беларускае пакаленьне Y

 

Мора ў Беларусі няма, але Сеціва нам дапаможа. Belarusian Generation Y logbook альбо «бартавы журнал» — блог па-ангельску пра беларускае моладзевае жыцьцё, пра культуру, пра людзей і падзеі вакол беларускага пакаленьня Y. Запрашаем на борт:)

­

Сучасная вэб-прастора сама па сабе як мора — ніякіх табе межаў, мытных кантроляў ці трэвэл-чэкаў. Караблёў, шлюпак, лодак, здаравенных суднаў і невялікіх самаробных плытоў з розных краінаў хапае.

Часта вобраз Беларусі сфармаваны рознымі ўрыўкамі інфармацыйных хваляў: апошняя дыктатура ў Эўропе, Чарнобыль, рэкардсмэны па паяданьні бульбы, мае нейкае дачыненьне да СССР… Так, праўда. Але Беларусь, як і іншая краіна, гэта людзі. Розныя. Людзі, якія незалежна ад часовых грамадзка-палітычных зьяваў, жывуць, вучацца, працуюць, робяць вынаходніцтвы, сябруюць і кахаюць, ладзяць party ды самарэалізуюцца ў розных сфэрах.

Зазвычай усё гэта мы распавядаем сваім замежным сябрам ды знаёмым, найбольш частае пытаньне ад якіх «Як вы там жывеце?» :). Generation Y — пакаленьне, якое расьце ў час разьвіцьця інфармацыйных тэхналёгіяў і часта само зьяўляецца яго рухавіком. І беларусы тут ня выключэньне. А папулярнасьць сярод актыўнай моладзі сацыяльных сетак і наагул інтэрнэт-камунікацыяў — Facebook, Livejournal і іншыя блогавыя пляцоўкі, аська і іншыя інтэрнэт-пэйджэры, асобныя форумы — толькі дадае новых знаёмых з усяго сьвету. Каб вашы замежныя сябры былі ў кантэсьце беларускай сытуацыі — ім можна прапанаваць падпісацца на RSS-стужку Logbook. ­

Belarusian Generation Y logbook будзе аднаўляцца 1–2 разы на тыдзень з аглядамі найбольш цікавых публікацыяў ­Generation.by і ня толькі.

Дарэчы, можна заўважыць, што першы запіс у «бартавым журнале» зьявіўся ў пачатку верасьня. Але ня было яшчэ нармалёвага logbook’у ды й карабля, зрэшты, яшчэ ня было. Быў хіба што капітан — сябра кантэнт-групы Generation.by Mara — і спадарожны вецер:). Які маршрут? Пакуль вольнае, прыгодніцкае плаваньне па сьвеце пад беларускім сьцягам. Заходзьце на борт і далучайцеся да каманды. Матросак на ўсіх хопіць! :)

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0581 seconds.