Мэдычны часопіс разьвеяў агульнавядомыя міты

Ад самага раньняга дзяцінства мы чуем непахісныя ісьціны, якія тычацца нашага арганізма і яго здароўя. Напрыклад, што нельга чытаць у прыцемку альбо што трэба піць шмат вады. Але група амэрыканскіх дактароў вырашыла паставіць пад пытаньне шэраг мэдычных і калямэдычных пастулятаў, якімі штодня кіруюцца як дактары, так і простыя людзі.

­

 

Вось сем найбольш распаўсюджаных і вядомых амаль кожнаму сьцьверджаньня:

  • Чалавек мусіць выпіваць мінімум 8 кубкаў вады на дзень;
  • Мы выкарыстоўваем толькі 10% нашага мозгу;
  • Валасы і пазногці працягваюць расьці і пасьля сьмерці;
  • Галеньне вядзе да больш хуткага росту цямнейшых і жорсткіх валасоў;
  • Чытаньне ў прыцемках пагаршае зрок;
  • Мабільнікі істотна ўплываюць на электрамагнітны фон у шпіталях;
  • Ужываньне ў ежу індычкі робіць чалавека млявым.

 

З дапамогаю MedlineGoogle дактары шукалі пацьверджаньні або абвяржэньні гэтых сьцьверджаньняў — як яны іх назвалі, «мітаў».

Першы міт, па ўсім, вынікае з рэкамэндацыі піць да 2,5 літраў вадкасьці на дзень. Але з улікам той, што ўжо ўтрымліваецца ў прадуктах. Менавіта гэтаму моманту часта і не надаюць увагі — у выніку людзі п’юць значна болей, чым ім трэба, што ня ёсьць добрым для нашага арганізма.

Не знайшлося і падставовых доказаў таму, што наш мозг выкарыстоўвае свае магчымасьці толькі на 10 адсоткаў — гэты паказчык значна вышэйшы.

«Праз тры дні пасьля сьмерці валасы і пазногці працягваюць расьці, а вось месца на аўтаадказьніку скончваецца», — гэты мудрасьць так і засталася жартам, у якім толькі доля праўды, і тая — пра аўтаадказьнік. Не пацьвердзілася, што валасы і пазногці чалавека працягваюць расьці і пасьля ягонай сьмерці: гэта ўсё зрокавы падман. Мяккія тканіны губляюць ваду, таму цела чалавека зьмяншаецца. І, напрыклад, пазногці выглядаюць даўжэйшымі на тле ссохлых пальцаў.

Аўтары дасьледваньня не знайшлі і аргумэнтаў супраць галеньня і чытаньня ў цемры.

Меркаваньне, што індычка выклікае санлівасьць і млявасьць вынікла з таго, што ў мясе гэтай птушкі ўтрымліваецца трыптафан, які адказвае за сон і настрой.

 

Але ўтрыманьне яго ў індычцы неістотнае і можа кампэнсававацца іншымі прадуктамі. А агульная млявасьць тлумачыцца звычайным пераяданьнем.

Гэта былі толькі некаторыя з фактаў, якія лічацца бясспрэчнымі, а на самой справе аказаліся або непацьверджанымі, або абвергнутымі.

Аднак дадзеная публікацыя адразу выклікала нараканьні ў камэнтарах і была названая «тупой і шкоднай». Хаця сама ідэя праверыць некаторыя сьцьверджаньні, што мы прымаем як дадзенае, на праўдзівасьць, і неблагая. Але выкарыстаныя прыклады не зусім карэктныя. Напрыклад, аўтара аднаго з камэнтароў непакоіць выключная безадказнасьць выданьня, што апублікавала вынікі дасьледваньня, якое абапіраецца на Google, сьцьвярджаючы, напрыклад, што мабільныя тэлефоны не перашкаджаюць працы мэдычнага абсталяваньня ў шпіталях.

Што б там ні казалі навукоўцы ды дактары, варта памятаць старую народную мудрасьць: людзей слухай, а свой розум май. Падаецца, што ўсё ж ня варта чытаць у прыцемках.

­­­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3629 seconds.