Новы Asus: цяпер і бамбукавы

Хутка зьявіцца Asus Eco Book — новы ноўтбук, корпус якога выраблены з бамбуку, а таму бясьпечны для здароўя і навакольнага асяродзьдзя. Тое ёсьць яшчэ адным крокам да «азеляненьня» бізнэсу і тэхналёгіяў.

­

У далёкім 1976 два Стыва — Джобс і Вазьняк, сканструявалі першы Apple — родапачынальнік сёньняшніх кампутараў. Звонку ён быў звычайнай драўлянай скрыняю.

Потым пачалі вырабляць мэталёвыя і плястыкавыя корпусы — так было зручней і надзейней. І хто б мог падумаць, што праз больш чым трыццаць год вытворцы кампутараў вернуцца да вытокаў?

Asustek Computer Inc Taiwan убачылі эстэтычнасьць ды эканамічную выгоду ў такім экалягічным матэрыяле, як бамбук.

Новы Asus Eco Book мае корпус з ламінаваных бамбукавых палосак розных адценьняў.

І хаця клей для палосак і ламінат часам утрымліваюць таксіны, сам бамбук абсалютна бясьпечны, і ў адрозьненьні ад дрэваў, хутка расьце.

Новы ноўтбук усё яшчэ на распрацоўцы: зараз правяраецца, наколькі бамбук пасуе да лэптопаў, ці зможа ён вытрымаць экстрымальныя ўмовы, напрыклад, перагрэў працэсара.

Дагэтуль кампанія выпускала лэптопы, абцягнутыя штучнай і натуральнай скурай. Зроблена тое было дзеля стылю. Мадэль карысталася высокім попытам. Натуральна, што кіраўніцтва Asus Computer International вырашыла паспрабаваць і іншыя матэрыялы, але гэтым разам акцэнт быў зроблены на экалёгіі.

Усё болей і болей кампаніяў, у тым ліку і ў кампутаровай сфэры, імкнецца «сябраваць» з навакольным асяродзьдзем. Asus першы, хто зрабіў экалягічны корпус, але ўжо існуюць бамбукавыя мышы, клявіятуры, акантоўкі для манітораў.

Можна сьцьвярджаць, што Asus Eco Book — гэта рэдкае сумяшчэньне карыснага з прыемным. Мала таго, што бамбук як матэрыял ня шкодны для здароўя, дык яшчэ і сам ноўтбук у такім выкананьні выглядае вельмі стылёва. Цяпер, каб не сурочыць, можна будзе пагрукаць па кампутары)

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.344 seconds.