Заставайцеся галоднымі. Заставайцеся безразважнымі

У студзені 2007 году ўвесь сьвет абмяркоўваў зьяўленьне новага прадукту ад Apple. Тады мы апублікавалі гэты артыкул. У 2010 iPhone і іншыя прадукты зрабілі кампанію Apple найбуйнейшай IT-карпарацыяй сьвету з капіталізацыяй 300 мільярдаў даляраў. 

Сёньня, 6 кастрычніка, памёр яе рухавік — Стыў Джобс.

-- 

Ужо некалькі дзён увесь сьвет абмяркоўвае iPhone – новы прадукт культавай амэрыканскай кампаніі Apple. Увага вялізная, бо Apple заўжды ідзе наперадзе тэхналёгіяў і задае тэндэнцыі ў іх разьвіцьці. Чуткі пра зьяўленьне iPhone зьявіліся вельмі даўна. Але толькі зараз нарэшце ён быў прэзэнтаваны сьвету. І прэзэнтаваў яго кіраўнік і заснавальнік кампаніі Apple Steve Jobs .

Гэты немалады ўжо чалавек у 2005 годзе зрабіў легендарны выступ перад выпускнікамі Стэнфардзкага ўнівэрсытэта, у якім распавёў тры гісторыі з свайго жыцьця. Тэкст знакамітага выступу Стыва вельмі хутка разышоўся па Сеціве і быў перакладзены на розныя мовы. Мы прапануем вам прачытаць беларускі пераклад.

«Галоўнае знайсьці тое, што любіш»

Для мяне вялікі гонар быць з вамі сёньня на ўручэньні дыплёмаў аднаго з самых лепшых унівэрсытэтаў сьвету. Я не сканчаў інстытутаў. Сёньня я жадаю распавесьці вам тры гісторыі з майго жыцьця. І ўсё. Нічога грандыёзнага. Проста тры гісторыі.

Першая гісторыя – аб злучэньні кропак

Я кінуў Reed College пасьля першых 6 месяцаў навучаньня, але заставаўся там у якасьці «госьця» яшчэ каля 18 месяцаў, пакуль нарэшце не сышоў. Чаму ж я кінуў вучобу?

Усё пачалося яшчэ да майго нараджэньня. Мая біялягічнае маці была маладой, незамужняй асьпіранткай і вырашыла аддаць мяне на ўсынаўленьне. Яна настойвала на тым, каб мяне ўсынавілі людзі з вышэйшай адукацыяй, таму мне было наканавана быць усыноўленым юрыстам і яго жонкай. Праўда, за хвіліну да таго, як я вылез на сьвет, яны вырашылі, што жадаюць дзяўчынку. Таму ім патэлефанавалі ўначы і спыталі: «Нечакана нарадзіўся хлопчык. Вы жадаеце яго?». Але яны сказалі: «Вядома ж».

Потым мая біялягічная маці даведалася, што прыёмная маці – не выпускніца каледжа, а мой бацька ніколі ня быў выпускніком ВНУ. Яна адмовілася падпісаць паперы аб усынаўленьні. І толькі праз некалькі месяцаў усё ж саступіла, калі мае бацькі паабяцалі ёй, што я абавязкова пайду ў каледж. 

І праз 17 гадоў я пайшоў. Але я наіўна абраў каледж, які быў амаль такім жа дарагім, як і Стэнфард, і ўсе назапашваньні маіх бацькоў былі выдаткаваныя на падрыхтоўку да яго. Праз шэсьць месяцаў, я ня бачыў сэнсу майго навучаньня. Я не ведаў, што я жадаю рабіць у сваім жыцьці, і не разумеў, як каледж дапаможа мне гэта ўсьвядоміць. І вось, я проста марнаваў грошы бацькоў, якія яны зьбіралі ўсё жыцьцё. Таму я вырашыў кінуць каледж і паверыць, што ўсё будзе добра. Я быў спачатку напалоханы, але, аглядаючыся зараз назад, разумею, што гэта было маім лепшым рашэньнем за ўсё жыцьцё. У тую хвіліну, калі я кінуў каледж, я мог перастаць гаварыць аб тым, што патрабаваныя ўрокі мне не цікавыя і наведваць тыя, якія падаваліся цікавымі.

Але ня ўсё было так рамантычна. У мяне не было пакоя ў інтэрнаце, таму я спаў на падлозе ў пакоях сяброў, я здаваў бутэлькі Колы па 5 цэнтаў, каб купіць ежу і хадзіў за 7 міляў праз увесь горад кожны нядзельны вечар, каб раз у тыдзень нармалёва паесьці ў храме крышнаітаў. Мне ён падабаўся. І шмат з таго, з чым я сутыкаўся, прытрымліваючыся сваёй цікаўнасьці і інтуіцыі, апынулася пазьней неацэнным.

Вось вам прыклад:

Reed College заўсёды прапаноўваў лепшыя ўрокі па каліграфіі. Па ўсім кампусе кожны постэр, кожная пазнака былі напісаныя каліграфічным почыркам ад рукі. Паколькі я адлічыўся і не браў звычайных урокаў, я запісаўся на ўрокі па каліграфіі. Я даведаўся аб serif і sans serif, аб розных водступах паміж камбінацыямі літараў, аб тым, што робіць выдатную тыпаграфіку выдатнай. Яна была прыгожай, гістарычнай, па-майстэрску вытанчанай да такой ступені, што навука гэтага не змагла б зразумець.

Нішто з гэтага не падавалася карысным для майго жыцьця. Але праз дзесяць гадоў, калі мы распрацоўвалі першы Макінтош, усё гэта спатрэбілася. І Мак стаў першым кампутарам з прыгожай тыпаграфікай. Калі б я не запісаўся на той курс у каледжы, у Мака ніколі б не было некалькі гарнітур і прапарцыйных шрыфтоў. Ну а Windows проста садзьмулі гэта з Мака, хутчэй за ўсё, у пэрсанальных кампутараў наогул бы іх не было. Калі б я не адлічыўся, я бы ніколі не запісаўся на той курс каліграфіі і ў кампутараў не было бы такой выдатнай тыпаграфікі, як зараз.

Вядома, нельга было злучыць усе кропкі разам тады, калі я быў у каледжы. Але праз дзесяць гадоў усё стала вельмі, вельмі ясна.

Яшчэ раз: вы не можаце злучыць кропкі, гледзячы наперад; вы можаце злучыць іх толькі аглядаючыся ў мінулае. Таму вам прыйдзецца даручыцца тым кропкам, якія вы як-небудзь зьвяжаце ў будучыні. Вам прыйдзецца на нешта пакласьціся: на свой характар, лёс, жыцьцё, карму – што заўгодна. Такі падыход ніколі не падводзіў мяне і ён зьмяніў маё жыцьцё.

Мая другая гісторыя – аб каханьні і стратах

Мне пашчасьціла – я знайшоў тое, што я люблю рабіць па жыцьці даволі рана. Woz і я заснавалі Apple у гаражы маіх бацькоў, калі мне было 20. Мы ўзмоцнена працавалі, і праз дзесяць гадоў Apple вырасла з двух чалавек у гаражы да $2–мільярднай кампаніі з 4000 супрацоўнікаў. Мы выпусьцілі наша самае лепшае стварэньне – Макінтош – і праз год мне споўнілася 30. І потым мяне звольнілі.

Як вас могуць звольніць з кампаніі, якую вы заснавалі? Ну, па меры росту Apple мы наймалі таленавітых людзей, каб дапамагаць мне кіраваць кампаніяй і ў першыя пяць гадоў усё ішло добра. Але потым наша бачаньне будучыні стала разыходзіцца і мы ўрэшце пасварыліся. Рада дырэктароў перайшла на яго бок. Таму ў 30 гадоў я быў звольнены. Прычым публічна. Тое, што было сэнсам усяго майго жыцьця, зьнікла.

Я не ведаў, што рабіць некалькі месяцаў. Я адчуваў, што я падвёў сваё пакаленьне прадпрымальнікаў – што я выпусьціў эстафэтную палачку, калі мне яе перадавалі. Я сустракаўся з David Packard і Bob Noyce і спрабаваў папрасіць прабачэньня за тое, што нарабіў. Гэта было публічным правалам і я нават думаў аб тым, каб уцячы куды далей. Але нешта павольна стала распагоджвацца ўва мне – я ўсё яшчэ любіў тое, што рабіў. Ход падзей у Apple толькі зьлёгку ўсё зьмяніў. Я быў адкінуты, але я любіў сваю справу. І, у рэшце рэшт, я вырашыў пачаць усё спачатку.

Тады я гэтага не разумеў, але апынулася, што звальненьне з Apple было лепшым, што магло адбыцца са мной. Цяжар пасьпяховага чалавека зьмяніўся легкадумствам пачынальніка, меней упэўненага ў чымсьці. Я вызваліўся і ўвайшоў у адзін з самых крэатыўных пэрыядаў свайго жыцьця.

На працягу наступных пяці гадоў я заснаваў кампанію Next, таксама іншую кампанію, названую Pixar і закахаўся ў цудоўную жанчыну, якая стала маёй жонкай. Pixar стварыў самы першы кампутаровы анімацыйны фільм Toy Story, і зьяўляецца зараз самай пасьпяховай анімацыйнай студыяй у сьвеце. У выніку дзіўных падзей, Apple набыла Next, я вярнуўся ў Apple, і тэхналёгія, распрацаваная ў Next стала сэрцам сучаснага адраджэньня Apple. А Laurene і я сталі выдатнай сям'ёй.

Я ўпэўнены, што нічога з гэтага не здарылася б, калі б мяне ня звольнілі з Apple. Лекі былі горкімі, але пацыенту яны дапамаглі. Часам жыцьцё б'е вас па галаве цаглінай. Не губляйце веры. Я перакананы, што адзінай рэччу, якая дапамагла мне працягваць справу было тое, што я любіў сваю справу. Вам трэба знайсьці тое, што вы любіце. І гэта так жа дакладна для працы, як і для стасункаў. Ваша праца запоўніць вялікую частку жыцьця і адзіны спосаб быць цалкам задаволеным – рабіць тое, што па-вашаму зьяўляецца вялікай справай. Адзіны спосаб рабіць вялікія справы – любіць тое, што вы робіце. Калі вы яшчэ не знайшлі сваёй справы – шукайце. Не спыняйцеся. Як гэта бывае з усімі сардэчнымі справамі, вы даведаецеся, калі знойдзеце. І, як любыя добрыя стасункі, яна будзе рабіцца лепш і лепш з гадамі. Таму шукайце, пакуль не знойдзеце. Не спыняйцеся.

Мая трэцяя гісторыя – пра сьмерць

Калі мне было 17, я прачытаў цытату – нешта накшталт гэтага: «Калі вы жывеце кожны дзень так, як быццам ён апошні, калі-небудзь вы апынецеся правым.» Цытата зрабіла на мяне ўражаньне і з тых часоў, ужо 33 гады, я гляджу ў люстэрка кожны дзень і пытаю сябе: «Калі б сёньняшні дзень быў апошнім у маім жыцьці, ці захацеў бы я рабіць тое, што зьбіраюся зрабіць сёньня?». І як толькі адказам было «Не» на працягу некалькіх дзён запар, я разумеў, што трэба нешта зьмяняць.

Памяць аб тым, што я хутка памру – найважнейшая прылада, якая дапамагае мне прымаць складаныя рашэньні ў маім жыцьці. Таму што ўсё астатняе – чужое меркаваньне, увесь гэты гонар, уся гэтая сарамлівасьць або боязь правалу – усе гэтыя рэчы падаюць перад тварам сьмерці, пакідаючы толькі тое, што сапраўды істотна. Памяць аб сьмерці – лепшы спосаб пазьбегнуць думак аб тым, што вам ёсьць што губляць. Вы ўжо голы. У вас больш няма чыньнікаў не ісьці на кліч свайго сэрца.

Каля года таму мне паставілі дыягназ: рак. Мне прыйшоў скан у 7:30 раніцы і ён ясна паказваў пухліну ў падстраўнікавай залозе. Я нават ня ведаў, што такое падстраўнікавая залоза. Лекары сказалі мне, што гэты тып рака не вылечны і што мне засталося жыць не больш трох-шасьці месяцаў. Мой доктар параіў пайсьці дахаты і прывесьці справы ў парадак (што ў лекараў азначае прыгатавацца да сьмерці). Гэта значыць паспрабаваць сказаць сваім дзецям тое, што б ты сказаў за наступныя 10 гадоў. Гэта значыць упэўніцца ў тым, што ўсё добра ўладкавана, так, каб тваёй сям'і было лёгка, на колькі гэта магчыма. Гэта значыць разьвітацца.

Я жыў з гэтым дыягназам увесь дзень. Пазьней увечары мне зрабілі біяпсію – засунулі ў горла эндаскоп, пралезьлі праз страўнік і кішкі, уторкнулі іголку ў падстраўнікавую залозу і ўзялі некалькі клетак з пухліны. Я быў без сьвядомасьці, але мая жонка, якая там была, сказала, што калі лекары паглядзелі клеткі пад мікраскопам, яны сталі крычаць, таму што ў мяне апынулася вельмі рэдкая форма рака падстраўнікавай залозы, якую можна вылечыць апэрацыяй. Мне зрабілі апэрацыю і зараз са мной усё ў парадку.

Сьмерць тады падышла да мяне бліжэй за ўсё, і спадзяюся, бліжэй усяго за некалькі наступных дзесяткаў гадоў. Перажыўшы такое, я зараз магу казаць гэта з большай упэўненасьцю, чым калі б сьмерць была карыснай, але толькі надуманай канцэпцыяй:

Ніхто не жадае паміраць. Нават людзі, якія жадаюць патрапіць на нябёсы не жадаюць паміраць. І ўсё роўна, сьмерць – пункт прызначэньня для ўсіх нас. Ніхто ніколі не змог пазьбегнуць яе. Так і павінна быць, таму што Сьмерць, пэўна, самае лепшае вынаходзтва Жыцьця. Яна – прычына пераменаў. Яна чысьціць старое, каб адкрыць дарогу новаму. Зараз новае – гэта вы, але калі-небудзь (ня вельмі і доўга засталося) – вы станеце старымі і вас ачысьцяць. Прабачыце за такі драматызм, але гэта праўда.

Ваш час абмежаваны, таму не марнуйце яго на жыцьцё чужым жыцьцём. Не трапляйце ў пастку догмы, якая гаворыць жыць думкамі іншых людзей. Не дазваляйце шуму чужых меркаваньняў перабіць ваш унутраны голас. І найважнейшае, майце адвагу прытрымлівацца свайго сэрца і інтуіцыі. Яны нейкім дзіўным чынам ужо ведаюць тое, кім вы жадаеце стаць насамрэч. Усё астатняе другаснае.

Калі я быў малады, я прачытаў дзіўную публікацыю The Whole Earth Catalog («Каталёг усёй Зямлі»), якая была адной зь бібліяў майго пакаленьня. Яе напісаў хлопец Stewart Brand, які жыве тут недалёка ў Menlo Park. Гэта было напрыканцы шасьцідзесятых, да пэрсанальных кампутараў і настольных выдавецтваў, таму яна была зробленая з дапамогай пішучых машынак, нажніц і паляроідаў. Нешта накшталт Google у папяровай форме, 35 гадоў да Google. Публікацыя была ідэалістычнай і перапоўненай вялікімі ідэямі.

Steward і яго каманда зрабілі некалькі выпускаў The Whole Earth Catalog і, у рэшце рэшт фінальны нумар. Гэта было ў сярэдзіне 70–х і я быў вашага ўзросту. На апошняй старонцы вокладкі была фатаграфія дарогі рана раніцай, накшталт той, на якой вы, можа быць, лавілі машыны, калі любіце прыгоды. Пад ёй былі такія словы: «Заставайцеся галоднымі. Заставайцеся безразважнымі». Гэта было іх разьвітальнае пасланьне. Заставайцеся галоднымі. Заставайцеся безразважнымі. І я заўсёды жадаў сабе гэтага. І зараз, калі вы сканчаеце інстытут і пачынаеце зноўку, я жадаю гэтага вам.

Заставайцеся галоднымі. Заставайцеся безразважнымі.

Усім вялікі дзякуй.

--

Стыў Джобс памёр 5 кастрычніка 2011 году ва ўзросьце 56 гадоў. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.068 seconds.