Славацкі ўрад палез у студэнцкія кішэні

Увядзеньне платы за навучаньне ў славацкіх унівэрсытэтах адкладаецца. Адбылося гэта з тае прычыны, што некаторыя студэнты заявілі, што гатовыя пратэставаць. Іхную дэлегацыю прымаў прэзыдэнт Шустэр, які падтрымаў студэнтаў. Кажуць, што прэзыдэнт сам паходзіць зь беднай сям'і, і калі б у гады яго маладосьці трэба было плаціць за навучаньне, ён бы ніяк ня здолеў атрымаць вышэйшае адукацыі.

Славацкі парлямэнт доўга вагаўся, ці ўводзіць плату за навучаньне. Улада, напрыклад, прыняла закон аб студэнцкіх пазыках, па якім узьнік бы пазыковы фонд, якому б студэнты вярталі грошы пасля сканчэньня ВНУ. Іншыя законы былі таксама зьмененыя ў кірунку ўвядзеньня платы за навучаньне. Студэнты бралі б на сябе ад 5 да 30 % выдаткаў на навучаньне.

Лёс закону невядомы. Кааліцыя страціла большасьць у стопяцідзесяцігадовым парлямэнце. Спачатку плату за навучаньне падтрымлівала 78 дэпутатаў, цяпер - толькі 67. Таму кааліцыя вымушаная шукаць падтрымкі сярод тых дэпутатаў, якія яшчэ ня вызначыліся па гэтым пытаньні. Тыя, у сваю чаргу, паабяцалі падтрымаць праўладную кааліцыю, але пасьля адкладу прапановы закону і хвалі незадавальненьня сярод студэнтаў, вырашылі падтрымаць толькі зьменены варыянт закону.

Закон мусіць пачаць дзейнічаць з 1 верасьня 2004 году. Але нават каі б цяпер яго ўдалося прыняць, на практыцы ён ня можа ўвайсьці ў сілу раней за 1 студзеня 2005 году. Да гэтага часу трэба будзе яшчэ вырашыць пытаньне стыпэндыяў для сацыяльна неабароненых студэнтаў. Зараз яе атрымліваюць да 30% студэнтаў. Пасьля зьменаў у законе яе зможа атрымаць толькі палова з тых 30%.Адным з магчымых вынікаў увядзеньня платы за навучаньне стане падвышаная цікавасьць славакаў да навучаньня ў суседняй Чэхіі, дзе яно бясплатнае.

У Славаччыне ўсяго 25 унівэрсытэтаў і каля 100 000 студэнтаў.

volha_d 00:00, 21/04/2004 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0984 seconds.