Кампутары пачалі пісаць кнігі

У студзені ў Расеі будзе выдадзены першы ў сьвеце раман, напісаны кампутарам. У аснове сюжэту — гісторыя герояў рамана Льва Талстога «Анна Каренина». Працоўны назоў — «Сапраўднае каханьне». Адам Глёбус лічыць гэта «афёраю праграмістаў», а расейскі пісьменьнік Захар Прылепін параўновае з надзіманымі жанчынамі.

­

 

Пра тое паведамляе «Росбалт» са спасылкую на розныя інфармацыйныя крыніцы.

Магчымасьць «напісаньня» такога рамана стала вынікам руплівай і працяглай працы праграмістаў і філёлягаў. Адмыслоўцам спатрэбілася 8 месяцаў на напісаньне адмысловай праграмы. Пасьля трэба было прыдумаць толькі пачатак рамана і сабраць дасье на кожнага пэрсанажа.

Для таго, каб напісаць кнігу, кампутару спатрэбілася тры дні няспыннай працы.

Арганізатары праекту паведамілі, што выдаткі на ганарары стваральнікаў праграмы ў 10 разоў ніжэйшыя за выданьне звычайнай кнігі.

Наклад «Сапраўднага каханьня» — 10 тысяч асобнікаў.

Дзеяньне раману адбываецца ў наш час, але галоўныя героі — Ганна Карэніна і Андрэй Вронскі. Па непацьверджанай інфармацыі, раман вытрыманы ў стылі Харукі Муракамі.

Раней былі спробы напісаць кнігу ў рэжыме он-лайн праз Сеціва, калі ў канчатковага твору атрымоўваецца мноства аўтараў. Але зараз зьявіцца кніга, у якой аўтара няма ўвогуле.

Расейскі пісьменьнік Ільля Стогаў упэўнены, што гэта — крызыс кнігавыдавецтва ў Расеі:

«Мяркую, тое будзе больш мастацкім, чым многія бэстсэлеры, што пракатываюць сёньня.»

Іншы пісьменьнік, Захар Прылепін, лічыць, што аніякага крызысу няма, а пра такія праекты нельга казаць сур’ёзна:

«Занятак гэты з шэрагу «чым бы дзіця не гулялася, абы ня плакала». Ёсьць жа штучныя кветкі, надзіманыя жанчыны.»

Generation.by запытаўся ў выдатнага беларускага пісьменьніка Адама Глёбуса, ці не баіцца ён як творца і кнігавыдавец канкурэнцыі кампутараў:

«Гэта глупства проста. Афёра праграмістаў. Калі пачыналася эпоха кампутарызацыі, людзі, якія ведалі там тры камбінацыі клявішаў, былі ўпэўненыя, што яны нешта вартае могуць зрабіць у іншых сфэрах: літаратуры, мастацтве, цывілізацыі, - калі яны ведаюць гэтую скрынку. Высьветлілася, што літаратар - гэта чалавек, якія займаецца літаратурай, мастак - мастацтвам,  журналіст - чалавек, які займаецца журналістыкай. Няма чалавека - няма і творчасьці. Таму я не баюся - мне сьмешна.»

Малюнак  з Wordinfo.info­

SlaDa 17:36, 11/12/2007 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0646 seconds.