У кіеўскім мэтро зьявілася пасада «піхальніка»

У гадзіны-пік, бывае, проста нерэальна ўціснуцца ў вагон мэтро. У кіеўскім мэтрапалітэне на «дапамогу» жыхарам сталіцы прых­одзяць адмысловыя «утрамбоўцы», якія літаральна запіхваюць людзей у цягнік.

­­

 

Пасьля прамоўленай аўтаматам фразы «Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца», раздаецца гнеўным басам: «Так, ускориваем посадку! Освободите двери» — звычайная сытуацыя на грамадзкім транспарце ў гадзіны-пік. Бывае, што ў мэтро нават і не запытваесься, ці выходзяць суседнія пасажыры: усё роўна ад цябе нічога не залежыць. Плынь цябе ў вагон унясе і зь яго вынясе. Часам ня ўсе пасажыры здольныя зьмясьціцца ў адзін вагон, але саступаць не жадаюць. Як вынік — заторы.

У кіеўскім мэтро знайшлі выйсьце. Зараз на трох самых людных станцыях зьявіліся «утрамбоўцы». Уласнай моцы пасажыраў не заўсёды хапае, каб улезьці ў вагон. Таму на плятформе працуе група добраахвотнікаў, якія літаральна ўпіхваюць жыхароў Кіева ў цягнікі.

Мужчыны ў яркіх памаранчавых камізэльках зьдзівілі грамадзян. Напачатку народ нават не зразумеў, што адбываецца: супрацоўнікі мэтро піхаюцца, але ў вагон не ўваходзяць.

Прыбіральшчыца станцыі «Левабярэжная» Яна распавяла карэспандэнту «Сегодня»:

«Піхальнікі» прыходзяць штораніцы ад 8.00 да 9.00, дапамагаюць. Пры тым, хутчэй машыністу. Бо пасажыраў так шмат, што дзьверы не зачыняюцца. А машыніст чакаць ня можа, у яго графік!»

Дзяжурная па плятформе кажа, што, маўляў, дружыньнікі былі і раней, проста іх ніхто не заўважаў. А зараз у іх зьявілася форма. Таму і машыніст, і дзяжурны па станцыі без праблемаў бачаць, ці ўсе пасажыры «утрамбаваныя». Пасьля 9.00 «утрамбоўцы» вяртаюцца на свае асноўныя месцы працы. Большасьць зь іх працуе сьлесарамі або ў дэпо.

Як рэагуюць пасажыры? А вы ўявіце сябе на іхнім месцы.

 

Ёсьць і ўдзячныя за тое, што іх запіхваюць у вагон. Хапае і незадаволеных ды раздражнёных: мала што цесна, піхаюцца, дык шчэ і ззаду такі напор. Некаторыя прызналіся, што нават здачы давалі. А хтосьці, наадварот, прапануе запрашаць дружыньнікаў і ў вечаровы час, каб хутчэй дабрацца дахаты.

Такая сыстэма аптымізацыі і максымізацыі колькасьці пасажыраў у вагоне, павышэньня эфэктыўнасьці працы мэтрапалітэна — ня ёсьць кіеўскім ноў-хаў. Аналягічныя пасады «піхальнікаў» маюцца і ў, напрыклад, такійскім мэтро. Тыя, хто працуе «утрамбоўцамі», задаволеныя сваёю пасадаю:

 

«Мне падабаецца мая праца. Дзякуючы ёй я заўсёды ў добрым фізычным стане. Праца зьвязаная зь людзьмі, таму заўсёды шмат камунікацыяў зь цікавымі асобамі. Асабліва ў гадзіны-пік», — распавёў пра ўласны досьвед заходнім журналістам адзін з такійскіх «утрамбоўцаў».

Ёсьць такая прафэсія і ў Парыжы, дзе праблемаў з транспартам хапае.

 

­­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0938 seconds.