18 сьнежня адкрываецца міжнародная выстава «Падарожныя нататкі. Эўропа»

Менавіта зь яе распачнецца праект Аддзяленьня Швэдзкай Амбасады ў Менску. Фота і графічныя працы мастакоў з розных краінаў можна будзе пабачыць у сямі гарадох Беларусі.

­­­

Праект «Падарожныя нататкі. Эўропа» ладзіцца Аддзяленьнем Амбасады Швэцыі ў Менску пры падтрымцы Швэдзкага інстытуту, сумесна з партнэрамі — Гётэ інстытутам, Польскім інстытутам у Менску, Амбасадай Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

Удзельнікі прае­кта: Юрый Алісевіч, графіка (Беларусь); Томас Будрыс, фатаграфія (Літва); Аляксандр Вахрамеяў, графіка (Беларусь); Рышард Збігнеў Карчмарскі, фатаграфія (Польшча); Енц Олаф Ластхейн, фатаграфія (Швэцыя); Лукаш Левандоўскі, графіка (Польшча); Томас Майер, фатаграфія (Польшча); Ені Ульрыка Ольсан, графіка (Швецыя); Марцін Росваг, фатаграфія (Германія); Кястуціс Стошкус, фатаграфія (Літва).

Швэдзкая мастачка Джэні Ольсан нарадзілася ў 1973 годзе. Жыве ў Стакгольме. Пра Джэні кажа Мікаэль Кільман, мастак, графік і куратар):

«Творы Джэні ў нечым мінімалістычныя, сьціслыя ды строгія. Яна належыць да маладзейшай генерацыі захопленых шведскіх графікаў з добра развітай і вельмі самабытнай мовай. І яна адна з тых нешматлікіх творцаў, што паслядоўна даследуе і паглыбляе гэтую мову. Гэта гучыць надзвычай шматабяцальна для тых, хто хоча бачыць яе творы ў далейшым.»

Фатограф Енц Олаф Ластхейн нарадзіўся ў 1964 г. У межах праекта экспануюцца фотаздымкі сэрыі «Белае мора — Чорнае мора». Пра Енца Олафа Ластхейна распавядае ягоная каляжанка, Марыя Ланц, фатограф, рэдактар фотачасопіса «Матыў», сябра Швэдзкай рады па мастацтве, выкладчыца Каралеўскай акадэміі мастацтваў у Стакгольме:

«Фатаграфічная творчасьць Енца Олафа Ластхейна — гэта вынік яго актыўнай і руплівай працы па стварэньні формы. Панарамы Енца адлюстроўваюць разнастайныя краявіды і іх насельнікаў. І дзесьці якраз тут, у самай сярэдзіне гэтых суровых, велічных, брудных ці рамантычных карцін існуе непрыкметная мяжа, што разьдзяляе людзей. Гэтая мяжа таксама здольная акрэсьліць прастору, ахопліваючы тое, што ёсьць, і тое, што яшчэ будзе. Гэта карціны пра ўсходнюю мяжу Эўразьвязу, пра жыцьцё ў Трансільваніі, Расеі, Беларусі і Ўкраіне. Карціны Енца адлюстроўваюць празрыстасьць і складанасьць таго, што палітычныя, каланіяльныя, вайсковыя, рэлігійныя дагматыкі і не ў апошнюю чаргу прэса спрабуюць акрэсьліць і вызначыць такімі канцэптамі, як Эўропа і Азія, Усход і Захад. Мы і яны. Аднак якраз у глыбіні будзённасьці, якое так рэдка паказвае прэса, і ёсьць сапраўднае жыцьцё.»

Енц Олаф Ластхейн будзе прысутнічаць на адкрыцьці выставы 18 сьнежня а 17.00 у Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва (Менск, пр. Незалежнасьці, 47).

З 18 сьнежня па 20 студзеня пазнаёміцца з нататкамі можна будзе ў Менску, пасьля чаго выстава адправіцца ў падарожжа па гарадох Беларусі:

24.01. — 7.03.2008 Гомель, Карцінная галерэя Г. Х. Вашчанкі;

13.03. — 20.04.2008 Магілёў, Абласны мастацкі музэй імя П. В. Масленікава;

24.04. — 31.05.2008 Гародня, Дзяржаўны гісторыка-археалягічны музэй;

5.06. — 6.07.2008 Баранавічы, Выставачная заля Краязнаўчага музэю;

10.07. — 31.08.2008 Берасьце, Музэй «Выратаваныя мастацкія каштоўнасьці» і Абласны краязнаўчы музэй;

4.09. — 5.10.2008 Полацак, Мастацкая галерэя.

Па інфармацыі Аддзяленьня Амбасады Швэцыі ў Менску

13:09, 10/12/2007 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.061 seconds.