Выпускніцу журфаку прымушаюць сплаціць 10 тысяч даляраў за адмову ад разьмеркаваньня

Выпускніцу факультэту журналістыкі БДУ Ксенію Авімаву прымушаюць заплаціць дзяржаве грошы за тое, што яна адмаўляецца працаваць паводле разьмеркаваньня ў валожынскай раённай газэце «Працоўная слава». Нядаўна Ксенія стала вядомай дзякуючы перамозе на міжнародным конкурсе «Найлепшы блог». Цяпер зь яе спаганяюць 22 мільёны рублёў (болей за 10 тысячаў даляраў).

­

Ксенія Авімава ўжо даўно працавала ў штаце недзяржаўнай газэты «Белорусы и рынок». Яна спадзявалася, што здолее туды разьмеркавацца. Газэта ў патрэбны час даслала на журфак заяўку. Аднак калі студэнтка прыйшла на паседжаньне камісіі па разьмеркаваньні, то не знайшла «Белорусы и рынок» у сьпісе выданьняў, якім патрабуюцца маладыя спэцыялісты.

«Гэта трызьненьне, бо нідзе ў заканадаўстве не запісана, што нельга разьмяркоўваць студэнта ў недзяржаўнае выданьне. А на разьмеркаваньні мне ясна сказалі: трэба выконваць дзяржаўную замову, й мы цябе ў „Белорусы и рынок“ не разьмяркуем».

На факультэце журналістыкі БДУ камэнтаваць сытуацыю вакол былой студэнткі Ксеніі Авімавай адмовіліся. Са словаў прадстаўніцы журфаку, якая не пажадала назвацца, пры разьмеркаваньні ўлічваецца ня толькі пажаданьне студэнта, але й тое, зь якім сярэднім балам ён навучаецца. Чым горшая пасьпяховасьць, тым менш прэстыжныя выданьні даводзіцца абіраць. Таму Ксенія Авімава павінна была выконваць рашэньне камісіі ехаць у Валожын, лічыць мая суразмоўца.

«Камісія прыняла рашэньне, студэнтка гэтае рашэньне падпісала ў пратаколе. Калі яна пагадзілася, пра што можа ісьці размова?»

Ксенія сапраўды зьезьдзіла ў Валожын — у выведку. І адразу зразумела — жыць і працаваць там на здолее:

«Сказалі: вось, зараз мы вас аформім на працу, а на наступны дзень мы вам знойдзем жытло. Хоць насамрэч яны павінны былі знайсьці мне жытло да таго, як я прыехала, калі ўжо трымацца правілаў, а менавіта пастановы пра разьмеркаваньне. Мне сказалі, што калі я буду пісаць, мне будуць плаціць каля 600 тысяч. Яны не былі гатовыя плаціць за жытло, то бок, з гэтых 600 тысяч за жытло павінна была плаціць я».

Ксенія паступіла ў свой час на журфак на паўплатную форму навучаньня. Потым яе перавялі на бюджэт. Цяпер Ксенія разважае: калі б вучылася на платным, мела б вольны дыплём і заплаціць за яго давялося б амаль удвая меней. Суму ў 22 мільёны рублёў яна лічыць завышанай яшчэ таму, што ўжо даўно не атрымлівае стыпэндыю, бо мела акадэмічныя завінавачанасьці, а таксама нізкія адзнакі па некаторых прадметах. Тым ня менш стыпэндыю ўлічылі. Ксенія зьбіраецца шукаць грошы, каб усё ж адкупіцца.

Нядаўна Беларускі Хэльсынскі камітэт зьвяртаўся ў Канстытуцыйны суд з просьбай разгледзіць палажэньне аб разьмеркаваньні на прадмет яго законнасьці. Учора прыйшоў адказ: Канстытуцыйны суд разглядае толькі звароты пэўных суб’ектаў, то бок, афіцыйных установаў, кшталту парлямэнту й Вярхоўнага суду. Сябры БХК зьвярталіся і ў Палату прадстаўнікоў, каб тая прасунула пытаньне ў Канстытуцыйны суд. Адказу пакуль няма. Кажа праваабаронца Алег Гулак:

«Абавязак адпрацаваць па разьмеркаваньні — гэта форма аплаты. І праблема ў тым, што ў Канстытуцыі ў нас прадугледжана бясплатная адукацыя, а рэальна яна такой не зьяўляецца. Таму ў гэтым ёсьць праблема».

Ксенія Авімава два тыдні таму стала вядомай дзякуючы сваёй перамозе на міжнародным конкурсе «Найлепшы блог», які арганізоўвала «Нямецкая хваля». Сеткавы дзёньнік Ak_bara абышоў нават блог, прысьвечаны будучым прэзыдэнцкім выбарам у Злучаных Штатах.

Радыё Свабода

11:20, 29/11/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0629 seconds.