Яшчэ ў адной вiцебскай ВНУ скралi грошы
У вiцебскай філіі Мiжнароднага iнстытута працоўных i сацыяльных адносiнаў скралi больш за 10 мiльёнаў рублёў. Гэта другі падобны выпадак ў віцебскіх ВНУ: напрыканцы верасьня ў Віцебскай Дзяржаўнай акадэміі вэтэрынарнай мэдыцыны скралі 70 мільёнаў, рассьледваньне яшчэ ня скончылася.
70 мiльёнаў, што былі скрадзеныя ў ВДАВМ, прызначалiся для выплаты стыпэндый студэнтам першага курса. Касiр пайшла на перапынак i не паставiла аб’ект на сыгналiзацыю.
І вось у вiцебскiм фiлiяле Мiжнароднага iнстытута працоўных i сацыяльных адносiнаў (таксама ў перапынак) скралi больш за 10 мiльёнаў рублёў, што заплацiлi за вучобу завочнiкi, i аванс для супрацоўнiкаў. Зламысьнiкi скарысталiся тым, што бугальтаркi ўзялi з сабой толькi адну зьвязку ключоў, а другая засталася ў кабiнеце. Невядомыя ўзламалi дзьверы, а потым без праблем адчынiлi сейф.
Незадоўга да гэтага чарговага надзвычайнага здарэньня начальнiк УУС Вiцебскага аблвыканкама палкоўнiк Леанiд Фармагей адзначыў:
"Калi яшчэ раз нешта такое паўторыцца, тады мы разам з пракуратурай будзем вырашаць пытаньне аб прыцягненьнi да крымiнальнай адказнасьцi тых, хто не выконвае свае абавязкi па захаваньнi грошай i не прымае сур’ёзных мераў, каб не дапусьцiць такiх здарэньняў.»
Выходзiць, гiсторыя паўтарылася.
Паводле «Звязды»