Зрэшты, знаёмся: новы альбом J:морс «Адлегласьць»
2 сьнежня J:морс прэзэнтуе канцэртную праграму новага альбому «Адлегласьць». Але саму плыту ўжо можна набыць у крамах. Разыходзіцца альбом удала, мяркуючы па шматлікіх водгуках.
Уражаньні ад альбому — гэта такая суб’ектыўная рэч. Усё залежыць ад таго, калі ён табе ў рукі патрапіць, які будзе ў той момант настрой і жыцьцёвая сытуацыя.
Яшчэ раз праслухала ўчора «Адлегласьць», прэзэнтацыя якой адбылася 20 лістапада. У прынцыпе — такі ж роўны J: морс, як і раней. Самі ж сьпяваюць: «ты сябе не пераможаш». Пазнавальныя мэлёдыі і абароты, толькі што па-беларуску. Па мне, дык так яны гучаць больш натуральна і арыгінальна. Дарэчы, такая морсаўская роўнасьць ня ёсьць недахопам. Але ўсё роўна «Адлегласьць» не без сюрпрызаў.
На плыце 11 кампазыцыяў (шэсьць новых, два пераклады і тры зь папярэдніх альбомаў) і адзін фільм.
У «Адлегласьці» Ўладзімір зьдзейсьніў даўнюю мару — паэкспэрыментаваў з фолькавымі матывамі: песьня «Вярба» цалкам народная.
Абмеркаваўшы альбом зь сябрамі, прыйшла да высновы, што больш за ўсё зачапіў пераклад «Моего солнца». Зараз «Маё сонца» — нібыта новая песьня. Чаму яна так усім падабаецца? Магчыма таму, што кожны хоць раз у жыцьці праходзіў праз антаганізм у адносінах («мы маем цьвёрдыя характары — даводзіцца плаціць») і ўвогуле, зірніце праз вакно — зіма («мы абдымаемся і ведаем, што хутка пойдзе сьнег»).
Раман Арлоў, дарэчы, адзіны хто на прэзэнтацыі плыты размаўляў
Але пры тым найбольш істотнай для Рамана зьяўляецца музыка, а не мова. Арлоў падзяліўся плянамі ангельскамоўнай вэрсіі адной з кампазыцыяў гурта.
Асобна трэба сказаць пра фільм «Адлегласьць». Хай з тэхнічнага пункту гледжаньня яго ацэньваюць адмыслоўцы, а мне дык ён нагадаў дзяцінства, калі вандроўкі з бацькамі па Беларусі былі чымсьці неверагодным і цудоўным.
Для J: морс гэта была сапраўдная авантура. Уладзімір абвяргае плёткі, што фільм быў дзяржзамоваю і на яго кінулі вялікія грошы. На прэзэнтацыі «Адлегласьці» прысутнічалі кіроўцы, якія даставілі морсаў на ўсе чатыры бакі сьвету — схватчыкі Жэня Карасік і Жэня Шапашнікаў. Ідэя фільма належыць прома-дэрэктару гурта Зьмітру Безкаравайнаму.
«Ва ўсім вінаватае піва,» — пажартаваў Пугач на пытаньне, як усё пачыналася.
Гурт дабраўся да самых далёкіх архітэктурных помнікаў: на поўдні, поўначы, захадзе і ўсходзе. Тут і адлегласьць геаграфічная — ў кілямэтрах, і часавая — ў стагодзьдзях, і чалавечая — ў пачуцьцях. Пасьля вандроўкі па Беларусі, у няспыннае падарожжа адправіўся і дух музыкаў.
«Асноўная мэта альбома — самарэалізацыя. Мы сапраўды хочам, каб музыка на беларускай мове была папулярнай,» — тлумачыць Пугач.
Самарэалізоўваюцца морсы ва ўсіх напрамках:
«Yes, зноў выпендрыліся,» — камэнтуе Пугач яшчэ адзін сюрпрыз для аматараў творчасьці морсаў.
Кампанія Apple прэзэнтуе iPod, адмыслова аздоблены пад J:морс. На Беларусі яны дакладна першыя, хто мае сваю вэрсію iPod. Першымі ў сьвеце былі U2 у 2005.
iPod iPod’ам, але музыку лепш слухаць ужывую. Пачуць і паглядзець «Адлегласьць» можна будзе на канцэрце 2 сьнежня:
WestWorldClub
Пачатак а 19.00
Квіткі: 25 тысяч (танцпляцоўка), 50 тысяч (столік)
Даведкі: (029) 111 17 17
Фота SlaDa