Чарговыя зьмены правілаў прыёму ў ВНУ і ССНУ чакаюцца ў 2008

Міністэрствам адукацыі па даручэньні прэзыдэнта падрыхтаваны праект адпаведнага дакумэнта. Цяпер ён знаходзіцца на разглядзе. У 2005 Лукашэнка абяцаў стварыць канчатковую сыстэму прыёму ў ВНУ і ССНУ, якая ня будзе зьмяняцца. З тых часоў правілы зьмяняліся штогод. Магчыма, і абітурыенты 2008 будуць паступаць з улікам чарговых зьменаў.

Аб тым, што правілы прыёму ў ВНУ і ССНУ Беларусі могуць быць зьмененыя ў 2008, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намесьнік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Жук. Навіна зьявілася на сайце агенцыі ў пятніцу вечарам.

Чаго чакаць абітурыентам 2008 ад новых правілаў?

  • Права для дзяцей-інвалідаў, інвалідаў 1-й і 2-й груп, якія маюць агульную сярэднюю, прафэсійна-тэхнічную або сярэднюю спэцыяльную адукацыю, пры адсутнасьці мэдыцынскіх проціпаказаньняў для навучаньня па спэцыяльнасьці ўдзельнічаць у конкурсе на навучаньне за кошт бюджэту па завочнай форме для атрыманьня вышэйшай адукацыі.

Раней, каб паступіць у ВНУ на завочнае аддзяленьне гэтыя катэгорыі абітурыентаў павінны былі працаваць або скончыць ССНУ па профілю выбранай імі спэцыяльнасьці.

  • Аднолькавыя ўмовы для падачы дакумэнтаў у розныя ВНУ і ССНУ як для абітурыентаў, якія ўдзельнічаюць у конкурсе на навучаньне за кошт бюджэту, так і на ўмовах аплаты.

Раней можна было пераносіць дакумэнты з адной спэцыяльнасьці на іншую ў межах адной ВНУ толькі ўдзельнічаючы ў конкурсе на бюджэтнае навучаньне. Тыя, хто адразу падаваў дакумэнты на платнае, такога права не мелі.

  • Адмена права ВНУ арганізоўваць уласныя ўступныя іспыты па тых прадметах, па якіх праводзіцца цэнтралізаванае тэставаньне. Пасьля гэтага ўнутраныя ўступныя іспыты фактычна застануцца толькі для спэцыяльнасьцяў, зьвязаных з фізкультурай, творчасьцю, а таксама для будучых журналістаў і г.д.
  • Будуць устаноўлены крытэрыі вядзеньня конкурснага адбору абітурыентаў, якія атрымліваюць другую вышэйшую адукацыю. Будзе створаны адзіны падыход. Перш за ўсё будуць улічвацца вынікі папярэдняй адукацыі, гэта значыць «чырвоны» дыплём, стаж працы па спэцыяльнасьці, ільготы для пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, воінаў, звольненых у запас і г.д.

Раней ВНУ самі вызначалі крытэры адбору.

  • Яшчэ адно новаўвядзеньне ў правілы прыёму ў ВНУ і ССНУ будзе зьвязана з навучаньнем на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі для сельскіх абітурыентаў, якія паступаюць на спэцыяльнасьці сельскагаспадарчага профілю. Цяпер яны могуць заканчваць раённыя і гарадзкія школы. Акрамя гэтага сярэдні бал школьнага атэстата ў такіх абітурыентаў павінен быць не ніжэйшы за пяць.

Раней такія абітурыенты павінны былі пражыць у вёсцы ня менш як два гады да моманту паступленьня і вучыцца ў сельскай школе. А згодна зь дзеючымі правіламі прыёму ў ВНУ і ССНУ, сярэдні бал школьнага атэстату павінен быць не ніжэйшы за шэсьць.

Аляксандр Жук адзначыў, што калі праект дакумэнта прымуць у заплянаваныя тэрміны, то распаўсюджвацца ён будзе ўжо на абітурыентаў 2008 года.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0834 seconds.