Аляксей Янукевіч пра тое, як гэта — быць палітыкам

­Многія лічаць палітыку бруднай справай. Тым больш — у нашых спэцыфічных умовах. Хтосьці з маладых людзей цынічна карыстаецца лесьвіцай БРСМ для рэалізацыі сваіх карь'ерных амбіцыяў. Хтосьці шчыра і апантана рэалізуецца ў пратэстных арганізацыях, пры гэтым часта ахвяруючы ўласнай адэкватнасьцю. Але ці магчыма маладому чалавеку сур'ёзна займацца палітыкай і пры гэтым заставацца шчырым і адэкватным? Адказы мы шукалі разам з маладым палітыкам Аляксеем Янукевічам.

Я б у палітыкі пайшоў, няхай мяне навучаць

Па-першае, ці ёсьць палітыка прафэсіяй?

Так. І калі я сур’ё­зна ё­й ­зан­я­ўся, у ­м­яне ­б­ылі пэўныя шуканьні: ці ёсьць палітыка пра­фэсіяй, ці патрэбны ўво­гуле пал­ітык грамадзтву, якую карысьць прыносіць палітык людзям? І я для сябе гэтае пытаньне выра­шыў. ­Сёньня я ведаю, што мая праца патрэбная людзям.

Аляксей Янукевіч

У нашых спэцыфічных умовах не ўзьнікала жаданьня кінуць усё?

З пэрыядычнасьцю ў гады тры-­чатыры такое адчуваньне ўзьнікае – калі некалькі гадоў праца не прыносіць таго плёну, якога ты хочаш дасягнуць, у той час калі ты ведаеш, што ў іншай сфэры вынікі маглі б быць значна большыя. Але, натуральна, такі стан праходзіць, і я ведаю, як зь ім спраўляцца.

Як цябе пасьля Міжнародных эканамічных адносінаў БДЭУ ў палітыку занесла?

У 20 гадоў на хвалі беларускага нацыяналізму я далучыўся да БНФ, будучы перакананы, што гэта часовая справа – пакуль краіна ня вернецца на шлях нармальнага разьвіцьця. А я займуся эканомікай і б­ізнэсам – тым, што мне, зрэшты, падабалася і цікава і зараз. Але, з аднаго боку, Лукашэнка затрымаўся. А зь іншага боку, мне палітыка, як такая, спадабалася. ­

­«Сапраўды ­мне падабаецца публічная дзейнасьць, адстойваньне сваіх поглядаў і каштоўнасьцяў, камунікацыі, агітацыя. Я адчуваю сябе камфортна ў гэтым асяродзьдзі і мне падабаецца рэалізоўваць сябе ў гэтай сфэры.»­

Пачынаў намесьнікам старшыні чыжоўскай суполкі БНФ. Наступныя тры гады асноўная дзейн­асьць прыходзілася на Малады фронт: быў кіраўніком Заводзкай рады; намесьнікам старшыні, выконваў абавязкі кіраўніка «Маладога фронту». З 2003 году – намесьнік старшыні партыі БНФ.

«Ты ж нармальны чалавек, навошта лезеш у палітыку?» Ты часта сутыкаесься з такім пытаньнем?

Мяне ўжо не разглядаюць як звычайнага чалавека, для якога можа стаяць пытаньне «палітыка ці не палітыка». Абываталі часьцей задаюць пытаньні «хіба вы нешта зьменіце?» ці «навошта вы дурыце моладзь?».

Ну і навошта вы дурыце моладзь :) ?

Аляксей Янукевіч ­

Мы моладзі імкнемся дапамагаць, і праз гэта яе выхоўваць. Дурасьці ў моладзі ва ўсе часы й сваёй хапала!

Радзільня, дзіцячы садок, школа ды інстытут...

«Чыжоўка будзе лепшай!» – твой перадвыбарчы лёзунг. Як паўплываў родны раён на твой сьветапогляд?

Я там вырас, я там жыву, і я сапраўды люблю гэты раён. Я перакананы, што ў яго вельмі добрыя пэрспэктывы. І гэта вельмі беларускі раён – не па высокай сьвядомасьці, а па паходжаньні жыхароў. Калі я быў падлеткам, існавалі розныя групоўкі, было змаганьне раёнаў. Чыжоўка была адной з самых моцных. Даводзілася біцца й самому – за сябе, за двор, за школу. Для міжраённых боек мы былі занадта малымі, але шмат што адбывалася на нашых вачох. І ў пабытовым пляне, у разуменьні нейкіх рэчаў – гэта было карысным досьведам.

А чым яшчэ, акрамя палітыкі, ты займаўся?

Давялося папрацаваць крыху па спэцыяльнасьці, таксама рабіў пераклады зь нямецкай, дапамагаў сябрам у бізнэсе. Нават выкладаў 3 гады эканоміку ў коласаўскім ліцэі. Што вельмі спадабалася. У ліцэі было вельмі здорава, матывуюча, цікава.

А як цябе называлі вучні?

Вучні называлі мяне «спадар Аляксей». Сябры «Моладзі БНФ» сёньня назыаюць па-рознаму: хтосьці на «Вы» і «спадар Аляксей», а тыя, зь кім больш цесныя стасункі, на «ты» і «Аляксей» або «Лёша». Спробы называць мяне «Лёха» я прысякаю.

Ты агучваў ролю прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі ў вельмі жыцьцесьцьвярджальнай стужцы «Любоў насамрэч»...

Пры тым, што Беларусь для мяне – сьвятое і перадусім, але я магу назваць сябе вялікім аматарам і прыхільнікам Брытаніі. Таму гэта быў вельмі цікавы досьвед. Шмат якія моманты стужкі, часам незаўважаныя простым гледачом, моцна мяне інсьпіравалі.

А як табе асыстэнтка прэм’ер-міністра? Сам бы закахаўся, калі б быў на месцы свайго героя?

Ейная зьнешнасьць – у парадку! :) Але лаянка жанчыну зусім не ўпрыгожвае, таму наўрад ці я б здольны быў закахацца ў дзяўчыну, што лаецца на кожным кроку!

Любімы момант стужкі?

­Аляксей Янукевіч

Прэсавая канфэрэнцыя пасьля перамоваў з прэзыдэнтам ЗША. А таксама – каляднае прызнаньне ў каханьні пры дапамозе разьмаляваных аркушоў паперы.

Палітычныя нататкі

Кажуць, весьці дзёньнік параіў табе сам Васіль Быкаў.

Калі я быў на канфэрэнцыі ў Хэльсынках у сьнежні 1999 году, атрымалася дамовіцца на хатнюю сустрэчу з Быкавам. І сапраўды самая яркая думка, якая была выказаная Быкавым і засталася мне як такое кіраваньне, – трэба запісваць тое, што адбываецца і як ты да гэтага ставісься. Гэта было ў кантэксьце размовы пра вэтэранаў. Быкаў сказаў, што гэта сапраўды такая чалавечая ўласьцівасьць: з гадамі пачынаеш забывацца ня толькі на падзеі, але і на тое, як ты да іх ставіўся. Таму я стараюся запісваць. Вельмі люблю пісаць асадкай, але бясьпека сёньня мае значэньне – таму запісваю ў электронным варыянце і закадоўваю.

А што наконт Інтэрнэту і электронных дзёньнікаў?

Хаця я і не магу назваць сябе чалавекам, які сочыць за апошнімі тэхнічнымі навінкамі, 80 адсоткаў патрэбнай мне інфармацыі я атрымліваю зь Інтэрнэту. ЖЖ я аднаўляю вельмі рэдка, але вось днямі зрабіў новы запіс. Але больш люблю чытаць, чым пісаць.

І цікава – што?

Некалькі гадоў не чытаў мастацкай літаратуры наогул. Але ў 2006, калі сядзеў на Акрэсьціна, прачытаў кніжку: «Ладзьдзя роспачы» Караткевіча і «Салярыс» Лема. Гэта тое, што перадалі. Яшчэ, прызнаюся, перадалі том Фрэйда, і ўся камэра спрабавала па чарзе прачытаць і неяк нікому не пайшло.

І пасьля я вырашыў: каб гэтая бягучка не псавала чалавечую натуру, каб не пачаць размаўляць штампамі, трэба чытаць мастацкую літаратуру. Зараз дачытаю «Бесы» Дастаеўскага і вазьмуся за «Лісьце каштанаў» Караткевіча (кніжку, якую, як мне параілі, асабліва добра чытаць увосень) і «Рэвалюцыю і контррэвалюцыю» дэ Алівейры.

Сок, строй і рок-н-ролл

У цябе ёсьць адметнасьць, нехарактэрная як для маладога пакаленьня, так і для палітыкаў: ты на ўсіх сьвятах п’еш толькі сок :). Гэта не бракуе прафэсіі? Паездкі па рэгіёнах, бясконцыя сустрэчы...

­

Generation Y паводле Янукевіча

  • Пакаленьне ўсьвядомленай неабходнасьці пастаяннага выбару
  • Пакаленьне па-за межамі дабра і зла
  • Кожны сам шукае для сябе каштоўнасьці

Гэта вельмі вялікі міт, што большасьць спраў вырашаецца праз выпіўку. На сёньняшні момант тое, што я не ўжываю алкаголю – гэта хутчэй плюс. Людзі заўсёды сьмяюцца, калі кажу, што з 14 гадоў не ўжываю алкаголь! Запытваюць: а да 14 шмат піў? :) Каштаваў некалькі разоў. Але праз тое, што я тады сур’ёзна займаўся спортам (джыў-джытцу) і захапляўся буддызмам, у пэўны момант я для сябе вырашыў, што ня буду есьці мяса і ўжываць алкаголь. Праз некалькі гадоў я вырашыў, што гэта неразумна – ня есьці мяса. Але да гэтага моманту ў мяне не было падставаў вырашыць, што не ўжываць алкаголь – гэта неразумна. І я вельмі задаволены. Хаця пэрыядычна бываюць сытуацыі, калі прасьцей было б выпіць.

­Аляксей Янукевіч

­

Выглядаеш ты даволі сур’ёзна. Цябе ўвогуле магчыма пабачыць бяз строю? У грамадзкім месцы, натуральна :)

Я вельмі камфортна сябе адчуваю ў строі. Безь яго можна пабачыць рэдка: на канцэрце беларускага рок-гурту, на Басовішчы (вельмі там падабаецца атмасфэра). І можна мяне бяз строю сустрэць у басэйне :).

Бачылі мы цябе без строю на адным рок-канцэрце... Проста зьмяніў сьпінжак на швэдар:) А як жа джынсы або спартовы гарнітур?

Спартоваму гарнітуру месца толькі на спортпляцоўцы, а джынсы – пры нагодзе ахвотна апранаю. Іншая справа, што кожны дзень маю сустрэчы ці нарады, фармат якіх патрабуе строю. А пераапранацца цягам аднаго дня банальна бракуе часу.

Правае шчасьце

Аляксею пашанцавала пабываць у Вялікабрытаніі, якая зьяўляецца для яго палітычным узорам. Падтрымлівае кансэрватараў, і ў прыватнасьці, Уільяма Хэйга колішняга лідэра кансэрватыўнай партыі. Зараз Хэйг ценявы міністар замежных спраў. Таксама Янукевічу падабаецца Маргарэт Тэтчэр.

Навукоўцы лічаць, што людзі з правымі поглядамі больш шчасьлівыя, чым тыя, хто прытрымліваецца левых. Ты адчуваеш сябе шчасьлівым?

Мне здаецца гэта справядлівым. Так, сапраўды, я адчуваю сябе шчасьлівым. І ў пэўнай ступені гэта зьвязана з маімі поглядамі. Калі ты кансэрватар, то ты маеш вельмі моцную аснову для любой сытуацыі. То бок ты ня мучаесься над пытаньнем, што такое добрае, што такое злое і які шлях абраць. І ў пераважнай большасьці сытуацыяў ты можаш распазнаць, як трэба дзейнічаць.

Аляксей Янукевіч­

Шэраговы працоўны дзень маладога палітыка

  • 8.00 - 9.00 Пад’ём, гадзіна на прагляд навінаў;
  • 10.00-11.00 Пачынаюцца­ сустрэчы;
  • 14.00-15.00 Гадзіны дзьве на электронную пошту, на падрыхтоўку тэкстаў;
  • 16.00-17.00 Зноўку сустрэчы
  • 21.00 ці 22.00 Вяртаньне дахаты, увечары таксама працую і чытаю.
  • 2.00  Адбой

Шчасьце ж ня толькі ў палітычных поглядах. Як сумясьціць прыватнае жыцьцё, сям’ю і прафэсію палітыка?

Безумоўна, люблю дзяўчат і стасункі зь імі для мяне вельмі важныя. Не жанаты. Але зьбіраюся. Я проста хачу мець такую сям’ю – і я перакананы, што буду яе мець, - якая нармальна ўпішацца ў мой лад жыцьця. Я лічу, што сям’я ёсьць вельмі важным сацыяльным інстытутам...

Вы не на мітынгу, Аляксей!

:) Сям’я, насамрэч, надзвычай важнае, унікальнае асяродзьдзе: сапраўдную гармонію можна адчуваць толькі ў шчасьлівай сям’і.

Наконт сям’і зразумела. А былі выпадкі, калі твая дзейнасьць перашкаджала прыватнаму жыцьцю?

Натуральна! У палітыцы не бывае, каб ты скончыў працу па званку, і ўвесь вечар вольны, плюс галава не занятая. Але гэта пытаньне прыярытэтаў.

­­­­­

ПАЛІТКАРЭКТНЫЯ АДКАЗЫ

Уразіла... Па-сапраўднаму мяне ўразіць вельмі няпроста... Але, напэўна, у гэтым месяцы самым моцным уражаньнем стаўся інтэрнат масласырзавода ў Бярозе, дзе давялося спыніцца на ноч. Кошт – 15 тыс., камфорт – на тры зоркі мінімум! А яшчэ ўразіў лёзунг “Мир дому твоему, сельмашовец!” у Гомелі.

Самая карысная парада, якую я атрымаў... У жыцьцёвым пляне самае вялікае значэньне маюць парады бацькоў, а таксама сяброў. У палітычным – самымі карыснымі й грунтоўнымі лічу парады доктара Джуліяна Льюіса, дэпутата брытанскага парляманту, ценевага міністра абароны.

Знакавая песьня... «Будзь разам з намі» «Крамы», адназначна!

Самы бязглузды ўчынак... Натуральна, прызнаньне ў каханьні! :) Вырабіў адмысловыя налепкі й мы з сябрамі за ноч заляпілі ўвесь яе раён! Нажаль, яна не ацаніла! :)

Першае каханьне... Улетку на вёсцы, гадоў 10 мне было. Магчыма, яшчэ раней, у школе. Заўсёды, нават у 30 гадоў, цяжка правесьці рысу паміж каханьнем і простым захапленьнем жанчынай, а ў падлеткавым узросьце – асабліва.

Шлях да сэрца палітыка ляжыць праз... Добрае інтэрвію зь ім.

Першыя грошы... 30 савецкіх рублёў яшчэ ў школе: летам працаваў на сяльгаспрацах. Набыў нешта для маці, торт і нават яшчэ засталося штосьці.

Самы нечаканы падарунак...­Асадка Джорджа Буша-малодшага.

Я веру, што... Дабро пераможа. І я веру, што Бог ёсьць любоў.

Я ніколі... Ня буду здольны падняць руку на жанчыну.

Я заўсёды... Гляджу ў будучыню з аптымізмам.

Я не дарую... Дзякуй Богу, да гэтага часу меў здольнасьць дараваць усё. Іншая справа – дараваць ня значыць дазволіць працягваць кепскія дзеяньні. І таксама, дараваць – гэта ня значыць рабіць выгляд, што нічога не было. У мяне бывалі выпадкі, калі я разьвітваўся зь людзьмі пасьля таго, як яны рабілі непрымальныя для мяне ўчынкі, рабілі мне балюча. Але разьвітваўся бяз крыўды, без жаданьня помсты.



Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0414 seconds.