4 кастрычніка — Дзень салідарнасьці зь Мьянмай
Прычым, сусьветнай інтэрнэт-салідарнасьці: сёньня кожны можа выказацца супраць жорсткасьці ўрада Мьянмы. На мінулым тыдні ў гэтай краіне пракацілася самая моцная хваля пратэстаў. Дзякуючы інтэрнэту сьвет даведаўся пра падзеі ў Мьянме. І хаця паўстаньне было жорстка падаўленым, сьвет не забыўся на Мьянму.
Блогеры сьвету ладзяць акцыю падтрымкі мірнай рэвалюцыі ў Мьянме (альбо Бірме - такога назову прытрымліваюцца ў некаторых краінах і СМІ). Мэта — даць кожнаму магчымасьць паставіць свой подпіс у салідарнасьць з жыхарамі гэтай краіны, якія, бяззбройныя, выступілі супраць жорсткасьці ваеннай хунты.
Сёньня блогеры па ўсім сьвеце ня робяць запісаў у сваіх журналах, а проста ставяць банэрчык Free Burma!
Тыя, у каго няма блога, могуць падпісаць Ліст падтрымкі. На дадзены момант каля 8 тысяч чалавек з самых розных краінаў сьвету далучыліся да акцыі Free Burma! Зараз сярэдні тэмп далучэньня складае ля 10–15 чалавек у хвіліну. Але чым хутчэй будзе распаўсюджвацца інфармацыя, тым больш людзей скажуць сваю слова ў падтрымку. Зь Беларусі ўжо далучыліся некалькі дзесяткаў чалавек і акцыя працягваецца.
Хваляваньні ў Мьянме пачаліся яшчэ ў жніўні, але свайго піка дасягнулі ў мінулы чацьвер: тады на вуліцы выйшла рэкордная колькасьць людзей, сярод якіх былі як манахі, так і звычайныя грамадзяне.
Дзякуючы сьмеласьці і энтузіязму асобных жыхароў краіны, дзе толькі адзін адсотак насельніцтва карыстаецца цалкам падкантрольным ураду інтэрнэтам, сьвет пабачыў здымкі таго, што адбываецца на вуліцах Мьянмы.
Але рэакцыя сусьветнай супольнасьці, мабыць, была недастатковай. Таму ваенная дыктатура Мьянмы ўпэўнена расправілася з пратэстантамі: былі перакрытыя храмы, адлучаны інтэрнэт, вуліцы кантралююцца вайскоўцамі. Па афіцыйных дадзеных за першы тыдзень загінулі 13 чалавек. Але сьведкі і праваабаронцы лічаць, што гэта лічба значна вышэйшая. Затым пачаліся масавыя арышты, людзей тысячамі звозілі ў невядомым накірунку. Над краінай павіс «вымушаны спакой».
Але казаць пра канчатковае падаўленьне жоўтай рэвалюцыі ў Мьянме пакуль рана.