AIESEC: сусьветная школа лідэрства ў тваім унівэрсытэце

Адна з найбольш вядомых у сьвеце моладзевых і студэнцкіх арганізацыяў, прадстаўленая амаль пагалоўна ва ўсіх эканамічных унівэрсытэтах Эўропы – AIESEC. У чым асаблівасьць AIESEC, чым займаецца, ці існуе ў Беларусі?

AIESEC у лічбах і асобах

Гэтая арганізацыя першапачаткова зьявілася як Міжнародная Асацыяцыя Студэнтаў у Галіне Эканомікі і Кіраваньня (Association Internationale des Etudiants en Sciences Economiques et Commerciales, скарочана AIESEC).

За 55 гадоў сваёй дзейнасьці яна вырасла за рамкі арганізацыі выключна для студэнтаў-эканамістаў і сталася аб’яднаньнем маладых людзей з 800 унівэрсытэтаў і 90 краінаў сьвету, буйнейшай міжнароднай студэнцкай арганізацыяй, сапраўднай «школай» лідэрства, мэнэджмэнта і міжнародных стасункаў.

У час студэнцтва ў дзейнасьці AIESEC прымалі ўдзел такія людзі, як сёньняшні прэзыдэнт Партугаліі, прэзыдэнт Фінляндыі Марты Ахтысаары, прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі, нямецкі канцлер Гельмут Коль, генэральны дырэктар расейскага мабільнага апэратара «Вымпелком» і яшчэ прыкладна адзін мільён чалавек. Штаб-кватэра AIESEC знаходзіцца ў Ротэрдаме, Нідэрлянды.

Што робіць AIESEC?

aiesec

Асноўная дзейнасьць AIESEC заключаецца ў ажыцьцяўленьні міжнароднай праграмы студэнцкіх стажыровак.

Менавіта міжнародныя практыкі абраныя як найлепшы інструмэнт узаемнага разьвіцьця людзей розных краінаў: як студэнта, які едзе на стажыроўку за мяжу, так і кампаніі, якая прымае стажора зь іншай краіны да сябе на практыку.

Стажор знаёміцца з новаю краінай, набывае каштоўны досьвед працы ў іншакультурным асяродзьдзі, а кампанія атрымоўвае маладога адукаванага супрацоўніка зь сьвежым поглядам, сьвежым падыходам да вырашэньня праблемаў. Для стажора, а таксама для шырокага кола студэнтаў, арганізуюцца адукацыйныя мерапрыемствы: трэнінгі па міжкультурнай камунікацыі і пераадоленьню культурнага шоку, а таксама ў вялікай колькасьці трэнінгі па прафэсіянальных навыках.

Але найбольшую карысьць атрымоўваюць тыя людзі, якія і займаюцца арганізацыяй усяго гэтага – сябры AIESEC. Арганізацыя цалкам складаецца з студэнтаў і маладых спэцыялістаў. Ад самага сьвежага навічка да прэзыдэнта AIESEC-International усе сябры арганізацыі – малодшыя за 30 гадоў юнакі.

AIESEC займаецца пошукам кампаній, якія былі б гатовыя прыняць стажора з замежжа, і студэнтаў, якія гатовыя працаваць у AIESEC і пасьля гэтага паехаць на стажыроўку. Маркетынгавыя дасьледваньні, ліставаньне і перамовы з кіраўніцтвам фірмаў, прэзэнтацыі ва ўнівэрсытэтах, набор і інтэрвіюяваньне людзей, арганізацыя і правядзеньне трэнінгаў і сэмінараў – усё гэта робіцца выключна самімі студэнтамі.

Удзел у дзейнасьці AIESEC дае ўнікальны досьвед арганізацыйнай і кіраўнічай працы, асабліва калі чалавек здольны браць на сябе адказнасьць і «расьці» па «кар'ернай лесьвіцы» ўнутры арганізацыі. Людзі, якія маюць адпаведныя здольнасьці і жаданьне, маюць магчымасьць быць абранымі ў міжнародныя кіраўнічыя ворганы AIESEC, альбо паехаць на нейкі час працаваць у аддзяленьнях арганізацыі ў іншых краінах.

Найбольшую карысьць праца ў AIESEC мае для тых, хто бачыць сваю кар’еру ў продажах, маркетынгу, зьбіраецца быць спэцыялістам па чалавечых рэсурсах альбо бізнэс-трэнэрам. Пры гэтым, знойдзецца праца і для будучых фінансістаў, лягістаў, праект-мэнэджэраў. Досьвед працы ў AIESEC вельмі карысны для людзей, хто ў будучыні хацеў бы заняцца ўласным бізнэсам.

Каштоўнасьці AIESEC

Важную ролю ў дзейнасьці AIESEC граюць каштоўнасьці. Арганізацыя мае сваю распрацаваную карпаратыўную этыку, набор каштоўнасьцяў, на якіх імкнецца грунтаваць сваю працу і якія імкнецца прапагандаваць праз сваю дзейнасьць.

Унутраная культура работы арганізацыі шмат у чым паўтарае культуру сучасных транснацыянальных карпарацыяў: нефармальнасьць, дэмакратызм, арыентаванасьць на вынік.

Тое, што кіраўніцтва ТНК спрабуе вырошчваць у сваіх супрацоўніках, аіесэкер (так сябе называюць члены AIESEC) атрымоўвае пад час працы ў арганізацыі, і прыходзіць у «дарослае» жыцьцё зь яснымі этычнымі прынцыпамі ў галаве. Для многіх AIESEC робіцца ня толькі бізнэс-школай, але таксама школай NGO, вучыць быць неабыякавым да праблемаў грамадзтва і супольнасьці, у якой чалавек жыве.

AIESEC дае чалавеку магчымасьць знайсьці сяброў у многіх кутках сьвету, усталяваць кантакт з шматлікімі людзьмі, якія маюць падобныя прафэсійныя інтарэсы і погляды на жыцьцё. Людзі, якія калісьці разам працавалі ў арганізацыі – так званыя AIESEC alumni, «Выпускнікі AIESEC» – трымаюць кантакт і ствараюць уласную дзелавую супольнасьць, ажыцьцяўляюць шматлікія сумесныя бізнэс-праекты.

Нарэшце, студэнты не былі б студэнтамі, а AIESEC ня быў бы студэнцкай і моладзевай арганізацыяй, калі б праца не прыносіла велізарную асалоду. Канфэрэнцыі, лякальныя, агульнанацыянальныя і міжнародныя зьлёты нязьменна праходзяць вельмі весела, і чым большая міжнароднасьць удзельнікаў, тым весялей працаваць, вучыцца і проста бавіць час разам. Такім чынам, AIESEC сумяшчае ў сабе ўсё самае лепшае ад Студсавету, КВЗ і Work&Travel.

AIESEC і Беларусь

У Беларусі AIESEC першапачаткова зьявіўся як частка AIESEC у СССР (потым – AIESEC у Расеі, Беларусі і Казахстане) і быў прадстаўлены аддзяленьнямі ў Менску (1990-2003) і Горадні (1998).

Да 2006 г. Беларусь была фармальна прадстаўленая ў AIESEC, хаця фактычна ніводнай суполкі на тэрыторыі Беларусі больш не існавала.

AIESEC вельмі моцна разьвіты ў Польшчы і Ўкраіне, буйныя аддзяленьні існуюць ў Вільні і Беластоку. Даўно і пасьпяхова разьвіваецца AIESEC у Расеі.

У апошнія гады была вялікая хваля адкрыцьця прадстаўніцтваў AIESEC на тэрыторыі былога СССР: Малдова, краіны Каўказу, Кыргыстан.

Але Беларусь пакуль што не стаіць на парадку дня пашырэньня арганізацыі і застаецца адзінай краінаю на кантынэнце, якая не прадстаўленая ў AIESEC, хаця ініцыятыўныя групы па стварэньню AIESEC у Беларусі зьяўляюцца досыць рэгулярна.

Справа ў тым, што праз спэцыфіку сваёй дзейнасьці AIESEC шчыльна завязаны на бізнэс-асяродзьдзе і патрабуе наяўнасьці кампаній, якія здольныя ахвяраваць грошы на дабрачыннасьць і інвэставаць у моладзь. Прыватнае прадпрымальніцтва ў Беларусі ня разьвітае і церпіць пад моцным цяжарам забюракратызаванай квазісацыялістычнай дзяржавы, Беларусь непрыцягальная для замежных інвэстыцыяў.

Акрамя гэтага, вельмі ўскладняе дзейнасьць арганізацыяў, як AIESEC, візавы рэжым з амаль усімі краінамі сьвету, бюракратычныя перашкоды для беларускіх грамадзянаў пры выезьдзе за мяжу, агульная атмасфэра варожасьці да замежжа ў аўтарытарнай краіне.

Асобны пункт – бюракратычныя перашкоды для рэгістрацыі і дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў і сытуацыя на «рынку» студэнцкіх арганізацыяў, з дамінацыяй БРСМ і мэтай ідэалягічнай беларускага апрацоўкі студэнцтва з боку рэжыму.

AIESEC неабходны Беларусі, як сродак яднаньня зь людзьмі іншых краінаў, як мост, які злучаў бы беларускіх студэнтаў, будучую беларускую палітычную і бізнэсовую эліту, з аднагодкамі і будучымі калегамі і партнэрамі ў іншых краінах. Як іншыя гэткія арганізацыі, AIESEC рабіў бы Беларусь часткай зьяднанага сьвету, адчыняў бы яе ідэям зь іншых краінаў, але таксама рабіў бы вялікі ўнёсак у распаўсюд ведаў пра нашу краіну за яе межамі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0614 seconds.