«Я і Францыя»: «Серебряная Свадьба» едзе на гастролі

Нарэшце «сусьветныя гастролі» сталі сапраўды сусьветнымі: зьдзейсьнілася мара бэнда — яны выпраўляюцца ў Францыю, краіну-мару, якая атуліла лёгкім флёрам усю творчасьць «Серебряной Свадьбы», а на некаторыя кампазыцыі лягла густым туманам.

Бенька і Франсуа дэ Бош ня так даўна сплялі свае францускія карані шумным вясельлем у маладую сям’ю, так што ў іх ёсьць шанец правесьці мядовы месяц у Парыжы. Там жа Серебряная Свадьба можа паспрабаваць выбітнейшыя ўзоры францускай кухні, бо, як вядома, музыкі гурту — сапраўдныя гурманы.

А пракаціцца фрык кабарэ бэнд «Серебряная свадьба» праз усю Францыю з галоўнымі прыпынкамі ў трох гарадох: Парыжы, Сэнт-Назары і Нанце. Сьвята ў французаў будзе доўжыцца ля тыдню — «Серебряную свадьбу» можна будзе пачуць у маленькіх клюбах, утульных кавярнях і заліхвацкіх барах. Фрык кабарэ бэнд выступіць нават на студэнцкім фэсьце і на сцэне Нанцкага ўнівэрсытэту.

І хаця дахаты бэнд зьбіраецца 13 кастрычніка (калі толькі дзе на вінаградніках не прыпыніцца), беларускія сябры «Серебряной свадьбы» змогуць даведацца пра францускія ўражаньні толькі ў лістападзе. Менавіта на канец восені заплянаванае новае, вялікае шоў.

Канцэртны арганізатар «Серебряной свадьбы» Папа Бо распавёў ня толькі пра руплівую працу над праграмай лістападаўскага канцэрту, а яшчэ і пра альбом, які ўсе так доўга чакаюць. З-за спэцыфікі гучаньня фрык кабарэ бэнду, праца прасоўваецца даволі марудна, затое грунтоўна. Ужо запісаныя некалькі кампазыцыяй. Так што да афіцыйнага выхаду альбому магчымы невялічкі рэліз.

Фота: Кася Сарокіна

SlaDa 14:34, 27/09/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2338 seconds.