«Беларускі калегіюм» запрашае на навучаньне
Для тых, каму патрэбна разнастайнасьць у жыцьці, хто хоча паглыбіць веды па сваёй спэцыяльнасьці або рэзка яе зьмяніць, альтэрнатыўная навучальная ўстанова «Беларускі калегіюм» прапануе дадатковае навучаньне па спэцыялізацыях журналістыка, найноўшая гісторыя, філязофія/літаратура.
Навучальныя праграмы БК арыентаваныя на выкладаньне найноўшых фрагмэнтаў сучаснай веды і не дублююць існуючыя праграмы дзяржаўных і недзяржаўных унівэрсытэтаў.
Заняткі вядуць вядомыя беларускія філёзафы, літаратары, журналісты, гісторыкі і іншыя адмыслоўцы сваёй справы. Сярод іх Алесь Анціпенка, Максім Жбанкоў, Юрась Карманаў, Андрэй Дынько, Уладзімір Акудовіч, Андрэй Хадановіч.
Працэс навучаньне адбываецца ў форме дыялёгу і выкладчыкі заўсёды гатовыя выслухаць прапановы слухачоў, а таксама з задавальненьнем дзеляцца прыкладамі з уласнага жыцьця.
Вынікам сумеснай працы навучэнцаў і выкладчыкаў становіцца пэўны творчы праект: журналісты пішуць эсэі і выдаюць газэту, філёзафы і літаратары штогод радуюць складанкай «Паміж».
А самому «Беларускаму калегіюму» ўжо больш за 10 год.
Запрашаюцца ў «Беларускаму калегіюму» студэнты старэйшых курсаў альбо асобы з вышэйшай адукацыяй. У выключных выпадках прымаюцца студэнты малодшых курсаў. Навучэнцамі БК могуць быць тыя, хто пастаянна альбо на час навучаньня пражывае ў Менску.
Сэртыфікат «Калегіюму» не замяняе дыплём аб вышэйшай адукацыі.
Навучаньне ў БК – бясплатнае.
Пачатак заняткаў з 1 кастрычніка 2007.
Запіс на сумоўе па 26 верасьня бягучага году.
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэл. (017) 267 66 27, (029) 705 46 66, (029) 679 26 82 з 14.00 да 18.00 (акрамя суботы і нядзелі), на bk.baj.ru ці праз kalehium@gmail.com.