Выкладчыкаў накіруюць на практыку ў «рэальны сэктар эканомікі»

З чарговымі ідэямі ўдасканальваньня навучальнага працэсу і якасьці будучых спэцыялістаў выступілі А.Лукашэнка, А.Радзькоў і А.Касінец: бліжэй да рэальнага сэктара і болей ідэалёгіі. Але пытаньне ў тым, як гэтыя прапановы стасуюцца з рэчаіснасьцю.

­

Намесьнік прэм’ер-міністра Аляксандр Касінец заявіў нядаўна, што беларуская вышэйшая школа мусіць быць больш арыентаванай на рэальны сэктар эканомікі.

Аляксандр Лукашэнка таксама ня так даўна патрабаваў дакладна пралічваць на пэрспэктыву патрэбу краіны ў адмыслоўцах.

Лукашэнка таксама адзначыў неабходнасьць наладжваць узаемадзеяньне ВНУ непасрэдна з замоўцамі. Ён даў даручэньне пры падрыхтоўцы кадраў выкарыстоўваць патэнцыял прамысловых прадпрыемстваў: студэнты ўжо зь першых курсаў мусяць практыкавацца на канкрэтных вытворчасьцях.

У сваю чаргу, Аляксандр Касінец заўважыў, што зараз толькі ад 7 да 20 адсоткаў выкладчыкаў буйнейшых беларускіх ВНУ калі-небудзь працавалі ў рэальным сэктары эканомікі, астатнія вывучалі свой прадмет толькі ў тэорыі.

«Таму мы ставім мэту, каб кіраўнікі ВНУ прайшлі спэцыялізацыю, павышэньне кваліфікацыі, выйшлі ў рэальны сэктар эканомікі і паглядзелі, што там робіцца», - сказаў намесьнік прэм’ер-міністра.

Па ягоных словах, канкрэтную прафэсійную арыентацыю мусяць атрымоўваць і студэнты. Для гэтага за гады вучобы ў іх павінна быць магчымасьць некалькі разоў прайсьці практыку па будучай спэцыяльнасьці. Акрамя таго, тэмы дыплёмных працаў патрэбна абіраць такім чынам, каб у будучыні праведзеныя дасьледваньні можна было скарыстаць на практыцы.

Усё гэта, канешне, добра і міла, але ёсьць шэраг сумневаў наконт усіх гэтых прапановаў.

Па-першае, калі б студэнтам практыка гарантавана аплачвалася, то можна было б і некалькі разоў яе прайсьці. Асабліва актуальна для платнікаў. А так выглядае як пошук бясплатнай працоўнай сілы для «квітнеючых» беларускіх прадпрыемстваў.

Па-другое, калі выкладчыкі патрапяць у рэальны сэктар эканомікі, то вельмі зьдзівяцца, што арганізавана там усё зусім ня так, як яны чытаюць зь лекцыйных паперак. Тыя выкладчыкі, якія працавалі або працуюць на рэальных вытворчасьцях, вельмі рэдка станоўча адклікаюцца аб нашай эканоміцы, дый тое непераканаўча. Некаторыя менавіта таму і ідуць зь фірмаў, арганізацыяў і прадпрыемстваў да студэнтаў – так спакайнее.

Ну а па-трэцяе, для таго ў сьвеце і прыдумалі розныя ступені адукацыі: калі чалавек хоча займацца тэорыяй і навукай, ён ідзе вышэй, у ВНУ, а для працы ў рэальным сэктары дастаткова і каледжа. У нас жа часта касіры маюць вышэйшую эканамічную адукацыю. Напрыклад, калі студэнт эканамічнага ўнівэрсытэта захоча напісаць дыплём на тэму антыкрызыснага кіраваньня, як ён яе выкарыстае на практыцы, калі ў нас усё добра і крызаў няма?

Хаця, безумоўна, сама ідэя наблізіць адукацыйны працэс да рэальнасьці вельмі сваечасовая. З гэтым згодны і выкладчыкі. Па словах аднаго з лектараў БДЭУ, усё залежыць ад таго, як гэта ідэя будзе рэалізоўвацца. А ўвогуле ён згодны з такой пастаноўкаў пытаньня, бо са свайго досьведу ведае, што для студэнтаў найбольш цікавы прыклады з уласнага досьведу выкладчыка. Так лягчэй патлумачыць матэрыял і ўтрымаць увагу аўдыторыі.

На сёньняшні дзень большасьць працадаўцаў адзначае нізкую падрыхтоўку маладых спэцыялістаў у практычных пытаньняў. Таму прыходзіцца вучыць выпускнікоў з пачатку. Ёсьць нават жарт: «Хочаце стаць прафэсыяналам? Забудзьцеся на ўсё, чаму вас вучылі».

Напрыклад, буйная аўдытарская кампанія Ernst and Young гатовая бясплатна праводзіць для студэнтаў БДЭУ лекцыі па міжнародных стандартах аўдыта. Бо падрыхтоўка маладых спэцыялістаў - вельмі дарагі і доўгі працэс, кампаніі выгодней увесьці ў справу патэнцыяльных працоўных калі яны яшчэ студэнты.

А па меркаваньні міністра адукацыі Аляксандра Радзькова, мала толькі кіравацца патрэбамі рэальнымі, трэба думаць і аб унутраным сьвеце маладога спэцыяліста:

«У сыстэме адукацыі мусіць фармавацца асоба зь дзяржаўнай пазыцыяй, з высокай культурай, з пачуцьцём гонару за сваю гісторыю, за свой народ і  за сваю дзяржаву, з пачуцьцём павагі да старэйшых і ўвогуле – да дзяржаўнага ладу. Мы з задавальненьнем успрынялі ўвядзеньне ў праграмы навучальных установаў курса асноваў ідэалёгіі беларускай дзяржавы. Гэта фарміруе асобу, выхоўвае яе як дзяржаўнага чалавека.»

Пра тое, што насамрэч студэнты думаюць пра асновы ідэалёгіі, можна нават і не пісаць – усё ясна. Асабліва калі пасьля лета не далічваесься сяброў, якія, сфармаваўшыся «дзяржаўнымі людзьмі», застаюцца працаваць у рэальным сэктары ЗША. А «павага да гісторыі і народа» добра бачна ў колькасьці беларускамоўных студэнтаў і выкладчыкаў, а таксама ў наяўнасьці падручнікаў на мове, за якую будучыя спэцыялісты, пасьля курсу ідэалёгіі, мусяць адчуваць гонар. Ну а «задавальненьне» ад ідэалёгіі сапраўды ёсьць – за дзесяць хвілін ідэалягічнай інфармацыі, якую вымушана даносіць выкладчык штопары, можна абмеркаваць з суседам што заўгодна, або напісаць некалькі смс.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0661 seconds.