ЭГУ: палітычная навука па-за ідэалёгіяй

Да 5 верасьня ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце працягваецца прыём дакумэнтаў на магістарскія праграмы па паліталёгіі: «Д­эмакратыя і грамадзянская супольнасьць» і  «Эўрапейскія дасьледаваньні».

Магістратура ЭГУ накіраваная на падрыхтоўку новага пакаленьня спэцыялістаў, здольных садзейнічаць фармаваньню сучаснай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і прымаць актыўны удзел у падрыхтоўцы краіны да яе паўнавартаснага уваходу ў эўрапейскую і сусьветную супольнасьць. Навучаньне ў магістратуры ЭГУ застаецца практычна адзінай магчымасьцю для беларусаў атрымаць грунтоўную і сучасную паліталягічную адукацыю, свабодную ад ідэалягічнай цэнзуры, не адрываючыся пры гэтым ад беларускага кантэксту.

Сёлета праграма «Дэмакратыя і грамадзянская супольнасьць» упершыню даступная ня толькі для лідэраў грамадзкіх арганізацый, але і для іншых суіскальнікаў, зацікаўленых у разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці і станаўленьні дэмакратыі ў Беларусі, а таксама ў паглыбленым вывучэньні сучасных палітычных працэсаў і праблем постсавецкіх краін. Цяперашні набор студэнтаў завершыць цыкл падрыхтоўкі ў ЭГУ магістраў паліталёгіі, якія спэцыялізуюцца ў галіне дасьледаваньня працэсаў дэмакратызацыі і грамадзянскай супольнасьці. У будучыні праграма будзе пераарыентаваная на праблематыку грамадзкай палітыкі. 

Другая магістарская праграма па паліталёгіі ў ЭГУ - «Эўрапейскія дасьледаваньні» - рыхтуе спэцыялістаў, якія усьведамляюць значэньне і магчымасьць агульнаэўрапейскай пэрспэктывы для Беларусі і іншых краін постсавецкай прасторы, якія кампэтэнтныя ў пытаньнях унутры- і замежнапалітычнай дзейнасьці ЭЗ, яе прававых і істытуцыянальных асновах і здольныя сфармаваць у беларускім грамадзтве адэкватныя уяўленьні пра сутнасьць і скіраванасьць працэсаў эўрапейскай інтэграцыі. 

Сёлета ў ЭГУ адбыўся першы за час існаваньня ў Вільне выпуск 20 магістраў паліталёгіі, якія пасьпяхова абаранілі свае магістарскія дысэртацыі.

Нагадаем, што пасьля закрыцьця унівэрсытэта ў Менску ў 2004 годзе ЭГУ дзейнічае ў Вільне і мае статус літоўскага унівэрсытэта, які выдае дыплёмы, што прызнаюцца ў Эўрапейскім Зьвезе. У магістратуру ЭГУ прымаюцца асобы з вышэйшай адукацыяй, а таксама студэнты выпускных курсаў беларускіх ВНУ. Тэрмін навучаньня ў магістратуры - два гады; грамадзяне і сталыя рэзыдэнты Беларусі навучаюцца за кошт сродкаў грантадаўцаў.

//Паводле прэс-службы ЭГУ

13:58, 03/09/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0614 seconds.