Японскія «кібер-бамжы» ночаць у інтэрнэт-кавярнях

Каля 5000 маладых японцаў, якія ня маюць жытла і працы, знаходзяць прытулак у інтэрнэт-клюбах. За сьціплыя грошы там можна паспаць і нават прыняць душ.

­

Мясцовыя СМІ клічуць іх «бежанцамі зь інтэрнэт-кавярняў». Больш за 5 тысяч японцаў без пастаяннага месца жыхарства, якія ня маюць сталай працы, у большасьці сваёй дваццацігадовых, амаль штоноч сьпяць у інтэрнэт-кавярнях. Такія дадзеныя былі атрыманыя ў выніку апытаньня, якое ладзілася японскім урадам у межах дасьледваньня гэтай новай зьявы.

За вельмі сьціплыя грошы – ўсяго 63 эўрацэнты за гадзіну – японскія інтэрнэт-кавярні прапануюць кабінку, абсталяваную мяккім фатэлям, на якім можна спаць, кампутэрам і тэлевізарам. У многіх месцах прапануюць неабмежаваны доступ да напояў, а ў некаторых нават можна прыняць душ.

Траціна апытаных заявілі, што страцілі жыльлё пасьля звальненьня, а 40 адсоткаў ужо ночылі на вуліцах. У гэтых новых бамжоў часам атрымоўваецца знайсьці кароткатэрміновую працу, карыстаючыся мабільнікам, каб схаваць адсутнасьць сталай адрэсы. Але часта яны атрымоўваюць мінімальную заработную плату і не маюць мэдстрахоўкі.

Улады тлумачаць гэтую зьяву ростам праблемаў працаўладкаваньня, якія тычацца прыблізна 2 мільёнаў маладых японцаў. Аналітыкі лічаць, што гэта – наступствы эканамічнай крызы Японіі ў 1990-х, а таксама адмаўленьнем ад працоўнай этыкі.

Ідэя пераночыць у інтэрнэт-кавярні ня раз прыходзіла ў галаву і беларускай моладзі. Некаторыя так і робяць, асабліва іншагароднія, калі электарацыі дахаты ўжо ня ходзяць, а пратрымацца да сьвітанку неяк трэба. Адзінае што, душ у нас ня прымеш дый не пасьпіш. Затое за тысячу рублёў (у сярэднім) за гадзіну, то бок – тысяч восем за ноч – можна бясконца блукаць па начным сеціве. Калі патрапіце ў кругласуткавую інтэрнэт-кавярню, прыглядзіцеся, мо і ўбачыце каго з заплечнікам. Хаця нашыя бамжы наўрад ці змогуць дазволіць сабе жыць так пастаянна – 120 даляраў у месяц за начлег, можна і пакой зьняць.

SlaDa 15:07, 29/08/2007 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0607 seconds.