Sony распрацавала батарэйку, якая працуе па прынцыпе жывых арганізмаў
Японскі вытворца электронікі карпарацыя Sony распрацавала прататып экалягічна чыстай батарэйкі, якая працуе на цукровым сыропе.
Як паведамляе афіцыйны сайт кампаніі, энэргіі такой біябатарэйкі хопіць для працы плэера або дыктафона.
Крыніца сілкаваньня выпрацоўвае электрычны ток, як гэта робяць жывыя арганізмы. Адмысловыя фэрмэнты расшчапляюць вугляводы, у выніку чаго генэруецца электрычны ток. Магутнасьць батарэйкі дасягае 50 міліватт. Па заявах Sony, на сёньняшні дзень гэта найлепшы паказчык для ўстройстваў падобнага кшталту.
Усе кампанэнты біябатарэйкі зьмешчаныя ў корпус з расьліннага плястыка. Такім чынам, пры утылізацыі крыніца сілкаваньня не будзе наносіць шкоду навакольнаму асяродзьдзю. У пэрспэктыве Sony плянуе дапрацаваць канструкцыю, падвысіўшы яе магутнасьць і тэрмін службы.