«Кожны вольны насіць пад адзеньнем тое, што жадае»
Дэмаграфічныя праблемы хвалююць большасьць краінаў сьвету. У тым ліку і Расею. Моладзевы рух «Наши» абвінавачвае ў спадзе нараджальнасьці майткі-стрынгі і называе іх сымбалем заходняга вычварэнства.
Зусім нядаўна моладзевы рух «Наши», кіруемы Крамлём, праславіўся тым, што арганізаваў кампанію супраць стрынгаў. Яны назвалі маленькія жаночыя майткі сымбалем заходняга вычварэнства.
Па словах «Наших», стрынгі – гэта пагроза пахіснутай дэмаграфіі краіны (142,4 мільёны жыхароў супраць 150 мільёнаў у 1991), бо зьяўляюцца крыніцай хваробаў і шкодзяць рэпрадуктыўным функцыям расейскіх кабет.
Тэма дэмаграфіі была цэнтральнай на палявым сэмінары «Наших», які штогод ладзіцца напрыканцы ліпеня на возеры Селігер. 10 тысяч маладых удзельнікаў сэмінару заклапочана абмяркоўвалі праблему дэмаграфічнага спаду ў Расеі – «самую сур’ёзную праблему», як сказаў прэзыдэнт Пуцін у 2006.
На летніку былі адсьвяткаваныя каля двух дзесяткаў вясельляў, і маладым наказалі нарадзіць ня меней як па тры дзіцяці.
Кажуць, важныя госьці – віцэ-прэм’еры Дзьмітрый Мядзьведзеў і Сяргей Іваноў – былі ў цішотках з лёзунгамі, якія заклікаюць кабетаў нараджаць.
Стрынгі былі характарызаваны як сымбаль контррэвалюцыі. Падчас гэтага масавага мерапрыемства сотні маладых людзей абмянялі свае стрынгі на панталёны і традыцыйныя майткі.
Кампанія супраць стрынгаў зусім не спадабалася іншаму моладзеваму руху -«Преемники» (ад Дэмакратычнай партыі Расеі). 9 жніўня яны арганізавалі пікет пад офісам «Наших» з плякатамі «Кожны вольны насіць пад адзеньнем тое, што жадае», а на плоце павесілі панталёны і стрынгі.