«Маленькую рэвалюцыю» ў Турцыі зробіць мода

Нежаданьне жонкі кандыдата ў прэзыдэнты Турцыі Абдулы Гюля растацца зь хіджабам выклікала хвалю нараканьняў. Адмыслова для Гайрунісы Гюль быў запрошаны дызайнэр - каб зрабіць вобраз магчымай першай лэдзі яркім і сучасным.

­

Турэцкі дызайнэр Аціл Кутаглу (Atil Kutoglu) чакае «маленькай рэвалюцыі», якую выклікае той вобраз, які ён стварае для магчымай першай лэдзі Турцыі. Яго папрасілі аднавіць гардэроб Гайрунісы Гюль, жонкі кандыдата ў прэзыдэнты Абдулы Гюля.

Дызайнэр кажа, што макіяж цалкам асьвяжыць воблік жанчыны. Аднак яна па-ранейшаму будзе насіць традыцыйны шалік – хіджаб. У сьвецкай Турцыі права жанчыны выбіраць, насіць ці не шалік, жорстка аспрэчваецца.

Гэтую частку гардэробу ўжо нельга насіць у грамадзкіх будынках – з гэтым спадарыні Гюль прыйдзецца лічыцца ў выпадку, калі ёйны муж выйграе выбары.

Аднак больш за палову жанчынаў Турцыі па-ранейшаму прыкрываюць сваю галаву хіджабам.

Таму Кутаглу і запрасілі «аднавіць воблік спадарыні Гюль і прыдумаць колькі новых ідэяў для шаліку».

Як паведаміў дызайнэр BBC, у яго ўжо ёсьць каля 20 эскізаў. Кутаглу ўлічваў і сур’ёзнасьць пазыцыі спадарыні Гюль у грамадзтве. Але яе новы вобраз будзе модным  і сучасным.

Каб прыдумаць штосьці для шалікаў, дызайнэр пастараўся ўявіць сабе галаву Катрын Дэнёв або Ромі Шнайдэр, пакрытую хіджабам… Натхненьня дызайнэр шукаў у галівудзкіх стужках сярэдзіны мінулага стагодзьдзя.

Кутаглу верыць, што новы стыль спадарыні Гюль, калі яна стане першай лэдзі і праявіць сябе як модная і пасьпяховая жанчына, прынясе новыя тэндэнцыі ў сучасны фэшн-сьвет.

Нам праблема з хіджабам Гюль можа падацца не істотнай, але менавіта шалік жонкі кандыдата быў прызнаны асноўнай перашкодай на шляху да прэзыдэнцкага фатэлю. Яна і сама не чакала такой рэакцыі:

«Я часам дзіўлюся, чаму людзі так мяне крытыкуюць, яны ж мяне зусім ня ведаюць. Калі вы зазірнеце ў мінулае гэтых раззлаваных людзей, вы ўбачыце, што яны вырасьлі безь любві. Таму я на іх не сярдую. Жыцьцё прыўкраснае і кароткае, навошта праводзіць яго ў склоках?»

Справа ў тым, што ў хіджабе многія ўбачылі пагрозу сьвецкасьці Турцыі:

«Як ніхто ня можа прымусіць мяне зьняць хіджаб, так і я ніколі не пагаджуся з прымушэньнем жанчынаў насіць яго», - дадае Гайруніса.

Сам Абдула Гюль адзначыў, што хіджаб ягонай жонкі – «не перашкода для Турцыі» і нагадаў, што прэзыдэнтам зьбіраецца стаць ён, а не Гайруніса.

SlaDa 18:21, 21/08/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0583 seconds.