Студэнты БДУ прывезьлі на радзіму мэдалі з алімпіяды па матэматыцы
Залаты, тры срэбных і два бронзавых мэдалі заваявала каманда БДУ на XIV міжнароднай алімпіядзе па матэматыцы сярод студэнтаў унівэрсытэтаў (ІМС). Алімпіяда праходзіла ў баўгарскім горадзе Благаеўградзе з 3 па 9 жніўня.
Як паведамляе прэс-служба БДУ, «золата» зарабіў студэнт факультэту прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Руслан Максімаў.
«Срэбра» - студэнты таго ж факультэту Павал Іржаўскі і Аляксандр Мядзьведзеў, а таксама студэнт мэханіка-матыматычнага факультэту Іван Блязьнец.
«Бронзу» - студэнты другога курсу мех-мата Аляксандр Бондар і Ўладзімір Ягораў.
Кіраўнік каманды – намесьнік дэкана факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, дацэнт катэдры вышэйшай матэматыкі Дзьмітрый Базылеў.
У гэтай алімпіядзе ўзялі ўдзел прадстаўнікі звыш 100 унівэрсытэтаў з болей чым 30 краінаў сьвету, у тым ліку Расеі, Украіны, ЗША, Ірана, Бразыліі, краінаў Эўропы і інш.
Цягам двух дзён студэнты разьвязвалі 12 задач (па 5 гадзінаў на 6 задач), якія ахоплівалі наступныя галіны матэматыкі: матэматычны аналіз, лінейная і абстрактная алгебра, геамэтрыя, камбінаторыка, тэорыя лічбаў. Працоўная мова алімпіяды – ангельская.
Гэта ня першая перамога БДУ. Ужо сёмы раз каманда ўнівэрсытэту бярэ ўдзел у гэтай алімпіядзе і заўсёды вяртаецца з мэдалямі. Агулам, з 2001 БДУ зваяваў 26 залатых, 18 срэбных і 5 бронзавых мэдалёў.