Вынікі ўступнай кампаніі: ля 75 тыс. чалавек залічана ў студэнты

Сёньня адбылася прэс-канфэрэнцыя намесьніка міністра адукацыі Аляксандра Жука па выніках уступнай кампаніі 2007 у ВНУ краіны. Які самы высокі конкурс, колькі шчасьліўчыкаў трапіла на бюджэт - лічбы гэтага году ў матэрыяле.

Акрамя агучваньня статыстыкі гэтага году, намесьнік міністра заявіў:

«Трэба падумаць наконт коштаў на навучаньне, бо яны цяпер ніжэй за рэальныя выдаткі, якія ідуць на падрыхтоўку ў ВНУ спэцыялістаў.»

Галоўнай тэмай прэс-канфэрэнцыі сталі тыя, каго гэта праблема ня тычыцца - студэнты дзённай бюджэтнай формы навучаньня: вучыцца за дзяржсродкі будуць 23 487 чалавек.

Зь іх выпускнікоў агульнаадукацыйных установаў гарадоў і пасёлкаў гарадзкога тыпу – 16 946, у сельскіх населеных пунктах – 4 238.

Самы высокі конкурс на дзённую бюджэтную форму навучаньня сярод ВНУ абедзьвюх плыней адзначаны ў беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў – 4,8 чалавекі на месца.

Конкурс у БДЭУ – 4,3 чалавекі на бюджэтнае месца.

Гомельскі інжынэрны інстытут МНС – 4 чалавекі на месца.

Сярод спэцыяльнасьцей высокія конкурсы былі адзначаны ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце імя А. С. Пушкіна – 18 чалавек на месца на спэцыяльнасьць «Правазнаўства», у Баранавіцкім дзяржаўным унівэрсытэце на тую ж спэцыяльнасьць – 15, 3 чалавекі на месца.

Таксама вялікім попытам карысталіся спэцыяльнасьці «Выяўленчае мастацтва», «Кампутаровая графіка» «Сацыяльная пэдагогіка», «Акторскае майстэрства драматычнага тэатру і кіно», «Эканоміка і кіраваньне на прадпрыемствах машынабудаўніцтва», «Міжнароднае права», «Дызайн», «Бухулік, аналіз і аўдыт», «Маркетынг».

У БДУ самы высокі конкурс склаўся на спэцыяльнасьці «Дызайн» - 14,8 чалавекі на месца, на «Псыхалёгію» - 13 чалавек. Нагадаем, што ўсяго на дзённую бюджэтную форму ў БДУ залічаны 1869 чалавек.

Без уступных іспытаў паступілі 315 чалавек. Такую прывілею маюць пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіядаў, творчых конкурсаў Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў сьвету і Эўропы, а таксама ляўрэаты адмысловых фондаў прэзыдэнта РБ.

Лідэрамі па залічэньні таленавітай моладзі сталі:

  • Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт
  • Беларускі дзяржаўны мэдыцынскі ўнівэрсытэт
  • Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт

Па-за конкурсам студэнтамі першага курса сталі 885 чалавекі – дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, дзяцей-інвалідаў, інвалідаў першай і другой групы.

Студэнтамі сталі 5 856 ліцэістаў і гімназістаў, 1 503 выпускнікі, якія скончылі агульнаадукацыйную ўстанову з залатым або срэбным мэдалём.

Усяго ж сёлета ў ВНУ залічана каля 75 тыс. студэнтаў, а агульны конкурс па краіне склаў 2,6 чалавекі на месца. 

Уні Вера 19:40, 13/08/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0579 seconds.