Скандальную рэкляму ЦУМа заляпілі

Адмыслова да 1 верасьня маскоўскі ЦУМ распрацаваў эпатажную рэкляму для маленькіх пакупнікоў. Глямурныя плякаты, якія ўтрымоўваюць такія словы, як «лох» або «ўрод» зацікавілі Фэдэральную антыманапольную службу. Больш таго, гумар ЦУМу не ацаніла грамадзкасьць - рэкляма выклікала хвалю абурэньня. У выніку скандальныя рэплікі зьніклі.

Перад першым верасьнем у крамах пачынаецца сапраўдная гарачка: дзеці рыхтуюцца да школы. Даўна прайшлі часы, калі малышам быў патрэбны толькі ранец, пенал ды такая ж як і ва ўсіх школьная форма. Таму самыя разнастайныя крамы і брэнды змагаюцца за маленькіх моднікаў і модніц.

Маскоўскі ЦУМ ня стаў выключэньнем – адмыслова да першага верасьня была распрацавана сьмелая рэкляма. На эпатажных плякатах глямурных колераў маленькая дзеўчынка дзярзіць не па-дзіцячы.

Дарэчы, сам маскоўскі ЦУМ быў заснаваны ажно ў 1885, а зараз зьяўляецца часткаю холдынга Mercury - аднаго з буйнейшых прадаўцоў прадметаў раскошы ў Расеі. Ва ўнівэрмагу прадстаўлены болей за 400 люксавых гандлёвых марак адзеньня, абутку і аксэсуараў.

Гумар ЦУМу не ацанілі – 8 жніўня здымкі плякатаў абляцелі Інтэрнэт і на блогах пачаліся гарачыя спрэчкі. Некаторыя карыстальнікі ў сваіх прыватных жж заклікаюць байкатаваць ЦУМ і абураюцца неэтычнасьцю прадукту.

Хтосьці нават убачыў ў постэрах аналёгію з кнігай  Пелевіна і мяркуе, што распрацоўшчыкі такім чынам хацелі пажартаваць на «хвалі часу».

ЦУМ знайшоў выйсьце – ўчора рэплікі намалёваных на плякатах пэрсанажаў проста  заляпілі.

ХТО НЕ Ў PRADA, ТОЙ ЛОХ!

 

Гэта – рэпліка дзяўчынкі на адным з плякатаў. На іншым малышка кажа сваім цацачным сябрам, мішку і трусіку:

«Вось я і ў школу хаджу! Зараз мяне цікавяць толькі шмоткі! А вы, два старых урода, мне болей не патрэбны!»

Дасталося і бацькам:

«Татуля! Калі ты мяне насамрэч любіш, набудзь! набудзь! набудзь! мне чаравічкі, сукенку, капялюш!!! Dolce & Gabbana, Armani і Prada

ДЫК ХТО ЛОХ?

А на наступны дзень, 9 жніўня, рэклямнай кампаніяй ЦУМа занялася Фэдэральная антыманапольная служба.  Покуль справы на ЦУМ не заведзена, учора экспэрты ФАС выехалі на месца азнаёміцца са зьместам плякатаў увачавідкі. Як бы там ні было, але скандальныя рэплікі на раніцу былі залеплены. Лёс рэклямнай кампаніі ЦУМа покуль не высьветлены.

Дык як жа правінілася маленькая дзеўчына перад законам? Як мінімум – парушыла два артыкулы закону «Аб рэкляме».

Слова «лох» парушае 5 артыкул:

«Рэкляма ня мусіць фармаваць нэгатыўнае стаўленьне да асобаў, якія не карыстаюцца таварам, што рэклямуецца, альбо асуджаць гэтых асобаў.»

Артыкул № 6 «Абарона няпоўнагадовых у рэкляме» забараняе падахвочваць малых, каб яны «ўпэўнілі бацькоў або іншых асобаў набыць тавар, які рэклямуецца».

А фраза рэклямнай модніцы: «У клясе нікога не засталося, бо ўсе лопнулі ад зайздрасьці» - фармуе комплекс непаўнавартасьці ў няпоўнагадовых, якія таварам не валодаюць.

Калі справа дойдзе да суда і там яе прызнаюць неэтычнай, адказнасьць будзе несьці ня толькі ЦУМ, але і ўладальнікі брэндаў, рэклямная агенцыя і нават стваральнікі рэклямы. Выплаты з боку ЦУМу могуць скласьці ад 400 да 5000 расейскіх мінімалак.

SlaDa 14:00, 10/08/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0606 seconds.