«Ружовае» пакараньне для паліцэйскіх
Незвычайнае пакараньне прыдумалі ў паліцыі Бангкоку: за дробныя парушэньні паліцэйскія будуць вымушаныя насіць на форме ружовую павязку з cэрцайкамі і «Hello Kitty» - дзіцячым мульцяшным пэрсанажам.
Cталыя чытачы Bangkok Post ацанілі гумар рэдактараў – на першай старонцы панядзелкавага нумара ружовенькая котка «Hello Kitty», а сам артыкул называецца «Паружавець ад сораму» (Turning pink with shame).
«Hello Kitty» (можна перакласьці «эй, кіска» або «здароўкі, малышка») – культавы мульцяшны пэрсанаж ня толькі ў Азіі, але і ва ўсім сьвеце.
Зараз малышка Кіці будзе засьцерагаць грозных тайскіх паліцэйскіх ад дробных парушэньняў. Прыпаркаваўся ня там, спазьніўся на працу, не прыбраў сьмецьце – і незалежна ад заслугаў і чыну на рукаве паліцэйскага зьявіцца павязка з «Hello Kitty», да таго ж котка сядзіць на сэрцайках.
Такое пакараньне прыдумалі ў тайскай паліцыі. Па словах кіраўніцтва крымінальнага аддзелу паліцыі Бангкоку:
«Проста папярэджаньні ўжо ня дзейнічаюць. А такія павязкі прымусяць паліцэйскіх адчуваць сваю віну і сорам, а таксама засьцерагуць ад паўторнага парушэньня, нават самага неістотнага. Кіці – гэта мілы, улюблёны пэрсанаж дзяўчатак, і, натуральна, такая павязка – гэта апошняе, што захоча насіць «мачо»-паліцэйскі на сваіх біцэпсах.»
Адзін паліцэйскі распавёў, што яны з калегамі моцна спужаныя:
«Гэта абраза, насіць павязку зь Кіці.»
Понгпат Чаяпхань (Pongpat Chayaphan) - кіраўнік крымінальнага аддзелу - прыступіў да абавязкаў тры месяцы таму. Да таго праходзіў практыку ў амэрыканскіх спэцслужбах і канадзкай паліцыі. Ягоная мэта – мадэрнізаваць свой аддзел, «нават калі там адсутнічаюць навейшыя тэхналёгіі або патрэбнае абсталяваньне.»
Ён верыць, што маленькія крокі могуць прывесьці да значных зрухаў. А ружовыя павязкі – гэта толькі пачатак. Хаця і ня самы – да Кіці былі павязкі ў шатляндзкую клетку. Але яны ня моцна напужалі паліцэйскіх – тыя проста зьбіралі іх як сувэніры.
Фота з International Herald Tribune