Юрась Алейнік: show must go on
6 жніўня Менскі гарадзкі суд скасаваў рашэньне суду Кастрычніцкага раёну сталіцы, дзе адмовіліся разглядаць прыватную скаргу Юрася Алейніка. Такім чынам, справа адлічанага студэнта Акадэміі кіраваньня пры Прэзыдэнце не зачынена.
Сам Алейнік трымаецца спакойна і ўпэўнена. У гутарцы з Generation.by, Юрась запэўніў, што ў любым выпадку зьбіраецца скончыць Акэдэмію кіраваньня пры Прэзыдэнце. Пры Гэтым. Альбо пры Іншым.
Нельга сказаць, што сёньняшняе рашэньне суда стала сюрпрызам для Юрася. Ён рыхтаваўся да ўсіх варыянтаў разьвіцьця падзеяў. А адвакат і некаторыя сябры былі нават упэўнены, што ўсё складзецца менавіта так.
Як далей будуць разьвівацца падзеі, Юрась ня ведае. Дзесьці праз тыдзень яго выклікаюць азнаёміцца з паперамі, а толькі праз мінімум тры тыдні распачнецца новае слуханьне.
Таму Алейнік часу не губляе: шукае альтэрнатыўныя варыянты вучобы. Ужо падаў дакумэнты ў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Паколькі там няма ягонай спэцыяльнасьці (дзяржаўнае кіраваньне і эканоміка), то як альтэрнатыўны варыянт абраў Журналістыку. Хаця ЭГУ – не канчатковае рашэньне. Усё ж такі хацелася б знайсьці штосьці максымальна набліжанае да таго, што вывучаў Юрась цягам чатырох год.
Нагадаем ход справы:
15 траўня: студэнт чацьвертага курса Юрась Алейнік быў адлічаны па загаду дэкана Факультэта дзяржаўнага кіраваньня і эканомікі Акадэміі кіраваньня пры Прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь за «сыстэматычнае парушэньне вучэбнай дысцыпліны і правілаў унутранага распарадку».
4 чэрвеня: адлічаны Юрась Алейнік зьвяртаецца ў суд Кастрычніцкага раёну г. Менску з іскавай заявай «аб адмене загада аб адлічэньні». Па меркаваньні Алейніка, адлічылі яго за актыўную грамадзянскую дзейнасьць.
5 ліпеня: суд Кастрычніцкага раёну г. Менску адмаўляе ў разглядзе справы, бо Акадэмія кіраваньня пры Прэзыдэнце падсправаздачная Прэзыдэнту.
11 ліпеня: Юрась Алейнік падае скаргу ў Менскі гарадзкі суд, у якой просіць прызнаць сваю справу падведамаснай суду і паўторна перадаць яе на разгляд у суд Кастрычніцкага раёну.
І вось сёньня справа Юрася Алейніка вяртаецца ў суд Кастрычніцкага раёну: 6 жніўня Менскі гарадзкі суд скасаваў рашэньне суду Кастрычніцкага раёну сталіцы.