Ірляндзкі студэнцкі праект 10k student's walk працягваецца…

­17 лютага на Беларусь прыбыла чарговая гуманітарная дапамога дзецям Чарнобылю ад ірляндзкіх студэнтаў у межах праекту 10k student's walk.­

5 год таму адзін ірляндзкі прафэсар трапіў у шпіталь і выпадкова прачытаў кнігу пра Чарнобыль, што апынулася побач. Ён быў вельмі ўражаны ёю, яму здалося, што сьвет пачаў забываць пра гэтую катастрофу дваццатага стагодзьдзя. Пасьля, калі ён быў па справах у аэрапорце, ён убачыў беларускіх ды ўкраінскіх дзяцей, якія прыляцелі ў Ірляндыю на лячэньне. Тады і нарадзілася ідэя аб дапамозе беларускім чарнобыльскім дзецям, зь якой ён зьвярнуўся да Ірляндзкага нацыянальнага студэнцкага зьвязу USI.

Студэнты з ахвотай узяліся за гэта. Прычынаў таму шмат. Студэнты, якіх даволі шмат у Ірляндыі, часта маюць славу абібокаў ды п’янтосаў, таму прыняць удзел у такой высакароднай справе, як гуманітарная дапамога, дазволіла б палепшыць стаўленьне да сябе з боку грамадзтва.

І вось ужо на працягу 3-х гадоў кожны лістапад студэнты ўсёй краіны выходзяць на вуліцы. Яны прыцягваюць грамадзкую ўвагу да праблемы і наладжваюць збор грошай. Вядома, студэнцкай фантазіі няма межаў, таму яны могуць падысьці да любога чалавека і сказаць:

“Калі вы не дасьцё мне некалькі эўра, тады я зараз жа пагалю сабе галаву”.

Пад час гэтага мерапрыемства яны праходзяць 10 км (адсюль такая і назва – 10К). І за гэтыя тры гады яны ўжо назьбіралі 0.5 млн. эўра!

Галоўным для студэнтаў зьяўляецца не сам факт збору грошаў, а тое, што яны робяць добрую справу. Па праекце на Беларусь разам з гуманітарнай дапамогай прыязджаюць і групы ірляндзкіх студэнтаў. Яны наведваюць дзіцячыя інтэрнаты, дзе жывуць дзеткі, пакалечаныя Чарнобылем, праводзяць зь імі час, дораць падарункі, дапамагаюць. Кожны год яны прыязджаюць, каб на свае вочы як убачыць рэальнае становішча чарнобыльскіх дзетак, так і даведацца як мага больш пра саму Беларусь.

Прыемна тое, што ірляндцы ня лічаць сябе “багаценькімі замежнікамі, якія дапамагаюць бедным беларускім дзеткам”, бо яны на сабе адчулі, што значыць дрэнна наладжаная сацыяльная дапамога, калі 150 год таму амаль палова насельніцтва Ірляндыі памерла ад голаду ды хваробаў. Ды і ўвогуле, па словах Крыстафэра Ньюўэла, кіраўніка праекта, паміж беларускім і ірляндзкім народамі ёсьць нешта агульнае.

Наступны прыезд ірляндзкіх  студэнтаў заплянаваны на канец вясны 2004 года. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0588 seconds.