Малайзія змагаецца з блогерамі
Малайзійскі ўрад зьбіраецца выкарыстоўваць антытэрарыстычныя законы супраць блогераў, якія непаважальна выказваюцца аб мясцовым манарху альбо абражаюць іслам. Паводле новых правілаў улады здолеюць затрымліваць падазраваных без прад’яўленьня абвінавачваньня і судовага сьледзтва. Пры гэтым, чыноўнікі настойліва сьцьвярджаюць, што гэтыя законы не абмяжоўваюць онлайнавую свабоду.
ВВС спасылаецца на словы намесьніка прэм’ер-міністра Малайзіі Наджыба Разака, які адзначыў, што ініцыятыва ўладаў накіраваная на тое, каб у блогах не зьяўляліся пасты з рэзкімі выказваньнямі па казытлівых пытаньнях. У той жа час малайзійскі ўрад моцна занепакоены ростам колькасьці крытычных заўвагаў у свой бок, якія рэгулярна зьяўляюцца ў онлайнавых дзёньніках.
У сакавіку гэтага году малайзійскі міністар інфармацыі Зайнудзін Майдзін запатрабаваў, каб мясцовыя СМІ не цытавалі інтэрнэт-блогі і наагул не выкарыстоўвалі іх як крыніцу інфармацыі. На думку міністра, блогеры распаўсюджваюць плёткі і чуткі ў Сеціве.
Малайзійскім грамадзянам міністар таксама параіў не зачытвацца блогамі, а чытаць афіцыйную прэсу. Майдзін заявіў, што большасьцю блогавых сайтаў кіруюць няўдалыя журналісты, і практычна ўсе блогі распаўсюджваюць інфармацыю ў інтарэсах розных палітычных груповак.
На мінулым тыдні ў паліцыю быў выкліканы Раджа Пэтра Камарудзін, рэдактар аднаго з найбольш папулярных у Малайзіі палітычных сайтаў Malaysia Today. Яго абвінавацілі ў «высьмейваньні ісламу і стварэньню небясьпекі для расавай гармоніі».