Мазгавыя цікавосткі

Мозг - гэта насамрэч той выпадак, калі галоўнае тое, што ўнутры. Але мы рэдка задумваемся, як ён функцыянуе і што ад яго чакаць. Таму крыху прыадкрыем таямніцы чалавечага мозгу.

  • У чалавека тры віды памяці: сэнсорная, доўгатэрміновая і кароткатэрміновая. Доўгатэрміновая памяць працуе як вінчэсьцер, а вось кароткатэрміновая нагадвае RAM вельмі малога аб’ёму. Таму яна памяць можа трымаць толькі 5-9 адзінак інфармацыі (у сярэднім – 7) у адну адзінку часу.
    Каб лепш запомніць інфу – сьціскайце яе да сямі адзінак. Прыкладам, тэлефонныя нумары звычайна ўтрымліваюць сем лічбаў.
  • Доўгатэрміновая памяць не працуе ў сьне: тая частка мозгу, што адказвае за перадачу дадзеных на доўгатэрміновае захаваньне, засынае разам з намі. Таму сны так хутка зьнікаюць. За ноч мы бачым некалькі сноў, большасьць зь якіх увогуле не трымаецца ў памяці. Таму ўзнавіць мы можам толькі асобныя кавалачкі сну.
  • Калі з доўга і кароткатэрміновай памяцьцю ўсё больш-менш зразумела, то што ёсьць сэнсорная памяць? Яна выконвае функцыю адваротнай сувязі – гэта своеасаблівы плэйбэк. Наш зрокавы бугор перадасылае інфу, якая была атрыманая ворганамі слыху і зроку на колькі сэкундаў раней.
    Напрыклад, на якой вечарыне раптоўна чуеш, як хтосьці кажа тваё імя. Звычайна, можна ўзнавіць тое, пра што казалі там, дзе называлася тваё імя, нават калі сам у гэты момант быў заняты іншай гутаркай. А ўсё таму, што сэнсорная памяць перадасылае сыгналы, якія могуць несьці карысную інфармацыю, сыходзячы з папярэдняга досьведу – як, напрыклад, нашыя імёны.
    Калі ў чалавека не дастаткова разьвітая сэнсорная памяць, то яму лепей ня брацца за некалькі справаў адразу або запісваць за прамоўцам (калі ўжо стаў журналістам са слабай сэнсорнай памяцьцю, на прэс-канфэрэнцыі – толькі з дыктафонам!).
  • Найбольш заўважным для вока зьяўляецца жоўта-зялёны колер. Нашыя вочы маюць рэцэптары для блакітнага, зялёнага і чырвонага колераў. У сярэдзіне спэктру стаіць менавіта жоўта-зялёнае сьвятло, таму зрок ловіць гэта сумяшчэньне лепш за ўсё. Ня дзіўна, што ў некаторых краінах пажарныя машыны перафарбавалі з чырвонага ў жоўта-зялёны. І, дарэчы, гэта карысная інфа для рэклямшчыкаў.
  • Падсьвядомасьць разумнейшая за нас. У любым выпадку – больш моцная. Заданьні, якія патрабуюць падсьвядомага выбару на аснове інфармацыі, якая была закладзена ў самыя глыбіні нашай памяці, даюць лепшыя вынікі, чым тыя, дзе патрабуецца сьвядомы разьлік на аснове дадзеных, якія паступаюць крок за крокам.
  • Мы маем дзьве нэрвовыя сыстэмы. Адная адказвае за ўзбуджэньне, а другая – за тармажэньне. Напрыклад, выцягнутая рука крыху дрыжыць менавіта з-за розьніцы ў колькасьці энэргіі, якую спажываюць гэтыя дзьве сыстэмы.
  • Успаміны не заўсёды дакладныя. Існуюць так званыя «прыціснутыя» успаміны, якія знаходзяцца глыбока-глыбока ў нашай галаве. Таму мозгу часам лягчэй «прыдумаць» здарэньне або факт, якіх не існавала, чым старацца вылавіць гэты самы «прыціснуты» ўспамін. Пры гэтым, чалавек будзе ўпэўнены, што так яно насамрэч і было.

Зразумела, наш мозг яшчэ больш хітрэйшы і пра ягоныя асаблівасьці можна размаўляць бясконца. Але ня будзем пераабцяжарваць галаву больш чым 7 адзінкамі інфы за раз.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0621 seconds.