Украіна далучылася да GEANT 2
Украінская нацыянальная адукацыйная сетка «УРАН» далучылася да эўрапейскай навукова-адукацыйнай сеткі GEANT 2.
«Зараз украінскія навукоўцы маюць доступ да агульнаэрапейскіх навуковых і адукацыйных інфармацыйных рэсурсаў, у прыватнасьці, да электронных бібліятэк, базаў дадзеных навучальных установаў Эўропы, якія ўваходзяць у сетку GEANT 2, інфармацыйных пошукавых сыстэмаў, цэнтраў супэркампуцерных вылічэньняў і навуковых дадзеных, рэсурсаў дыстанцыйнага навучаньня», - распавёў міністар адукацыі і навукі Украіны Нікалаенка.
GEANT 2 – гэта пан-Эўрапейская навукова-адукацыйная сетка сёмага пакаленьня. Афіцыйна існуе з 2004, а стваралася пры ўдзеле Эўракамісіі і Эўрапейскага нацыянальнага навукова-адукацыйнага сеціва, кіруецца DANTE.
GEANT 2 мае неверагодны патэнцыял для вызначэньня таго накірунку, у якім будзе разьвівацца адукацыя і навука ва ўсёй Эўропе. GEANT 2 зьвязвае 34 краіны Эўропы, у тым ліку Расею, Літву, Латвію, Чэхію. Беларусь, на жаль, не прадстаўлена ў GEANT 2.