Эўропа за пажарабясьпечныя цыгарэты
Хутка эўрапейскія палільшчыкі будуць набываць толькі пажарабясьпечныя цыгарэты, якія затухаюць аўтаматычна. Эўракамісія рыхтуе адпаведны законапраект. Менавіта незатушаныя цыгарэты часта становяцца прычынаю пажара.
EUobserever паведамляе, што да канца году Эўракамісія ўнясе прапанову прадаваць на эўрапейскім рынку толькі самазьнішчальныя цыгарэты. Гэта мусіць дапамагчы прадухіліць побытавыя пажары, у якіх штогод гіне дзьве тысячы эўрапейцаў.
Да 2009-2010 Камісія цалкам забароніць традыцыйныя цыгарэты, каб прымусіць палільшчыкаў набываць толькі пажарабясьпечныя цыгарэты. Яны будуць вырабляцца з адмысловай паперы, што забясьпечыць аўтаматычнае затуханьне, калі палільшчык не зацягваецца.
Значная частка з штогадовых дзьвюх тысячаў загінуўшых і сямі з паловай тысячаў траўмаваных эўрапейцаў палілі ў ложку і засыналі з цыгарэтаю ў рукох. Таму ідэя з пажарабясьпечнымі цыгарэтамі знайшла падтрымку ў самых розных колах эўрапейскага грамадзтва: ад спажыўцоў да тытунёвых кампаніў.
Упершыню пажарабясьпечныя цыгарэты былі легалізаваны ў штаце Нью-Ёрк (ЗША), яшчэ восем штатаў і Канада ўжо ўзялі прыклад, а ў Аўстраліі разглядаюць магчымасьць прыняцьця падобнага закону.
Няблага б пачаць прадаваць такія цыгарэты і ў Беларусі, бо сытуацыя з пажарнай бясьпекай у нас складаная. У 2006 здарылася 11037 пажараў, у выніку якіх загінулі 1149 чалавек, у тым ліку 53 дзіцяці. Матэрыяльныя страты складаюць ля 1% ВУП краіны.
Малюнак Russell Tate