Заточка: «Мы апалітычныя, мы ніхто, мы музыкі!»

За радкі «Жры какосы, жры бананы, ды вяртайся ў Іраны, альбо зьнішчаны ты будзеш тут футбольным хуліганам...» адзін з канкурсантаў Адборышча гурт «Заточка» быў залічаны некаторымі ў фашысты. Хтосьці кажа, што хлопцы проста сьцябаюцца, але ж па Сеціве пайшлі чуткі, што разьюшаныя антыфа рыхтуюць «гарачую» сустрэчу гурту на адборачным туры. Якіх жа сапраўды поглядаў трымаецца скандальны гурт, мы даведаліся праз тэлефон у вакаліста «Заточкі» і заадно запыталіся пра гэты гурт у магілёўскіх анархістаў.

Кепка – вакаліст ды басіст «Заточкі», ня моцна зьдзівіўся пытаньням, ён у курсах баявой славы гурту.

«Мы сачылі за гэтым няспынна»

За пэўныя радкі песьні «Хуліганы» «Заточка» была залічаная ў фашысты, чаму?

«Дзялёж ідзе на фа і анты-фа. Вешаюць ярлыкі нейкія. У нас у краіне максымум 4 гурты, якія граюць беларускамоўную ска-музыку, і тры зь іх абралі для сябе палітыку антыфашызму. І жадаюць, каб мы гралі штосьці падобнае. А мы апалітычныя, і ні за фашызм, ні за антыфашызм граць ня будзем.

А калі хто ўбачыў у нашых тэкстах, то магчыма і зь іншага боку паглядзець: палітыка Ірана, напрыклад, і г.д., тыя ж афіцыйныя сайты пачытайце, як там дыскусіі ідуць на гэту тэму», - распавёў Кепка.

лягатып гурта Заточка 

Лягатып таксама выклікаў шырокі рэзананс.

«На гэта таксама можна глядзець з розных бакоў. Хтосьці бачыць у ім фашызм, а хтосьці бачыць зьбіеньне Гітлера»

«Мы апалітычныя, мы ніхто, мы музыкі», - заяўляе «Заточка».

Некаторыя магілёўскія анархісты аднак ня лічаць гурт «Заточка» апалітычным.

«Ну… звычайныя быдланы, плюс яны ж там нацы. Яны перасьпявалі песьню гурта “Яйцы Фабержэ” з такім выразным падтэкстам. Тусоўка зь якой яны камунікуюць, тусоўка каля гурта - там, па-мойму, прысутнічаюць нацы і фашня,» - сказаў нам па тэлефоне анархіст Ігар.

Пра плягіят «кавер»

Апроч таго, што ў песьні «Хуліганы» ёсьць правакацыйныя моманты, сама песьня была напісана расейскім гуртом «Яйцы Фаберже». У заяўцы «Заточкі» тое ніяк не пазначалася, таму пасыпаліся абвінавачваньні ў плягіяце. У адказ гурт «Заточка» абвясьціў «Хуліганаў» каверам.

Ці ў курсах гурт «Яйцы Фаберже», што вы зрабілі кавер на іхнюю песьню?

«Мы кантактуем з гуртом. Яны ў курсах. Гралі мы гэту песьню ня так шмат. У каляфутбольных колах гэта песьня «Яйцаў» стала народнай. Падаць яе – гэта быў ход і з нашага боку. На той час запісаны ў нас быў толькі трэк “Хакей” - нефарматны для вялікай сцэны. Таму мы хуценька запісалі гэту песьню, памянялі колькі словаў. Мы чакалі такой рэакцыі ад беларускіх ска-фанатаў. Мы крышачку прадугледжвалі скандальчык. Як яго вымерыць? Па колькасьці праглядаў старонкі гурта на generation.by – больш за 600, а ў кагосьці – 18»

Сёлетні каардынатар Басовішча зь беларускага боку Аляксей Мінчонак лічыць сытуацыю, калі гурт падаў на конкурс ня ўласную песьню, а кавер іншай каманды прымальнай:

«Прымальна, бо ў правілах, якія былі агучаныя, пра гэта нічога сказана не было. Я буду рэкамэндаваць БАСу па-першае ўвогуле стварыць уцямныя правілы ў наступным годзе, а па-другое, забараніць у іх гуртам падаваць заяўкі, якія ўтрымліваюць кавэры. Але сёлета гэтай забароны ў правілах няма, а прыдумляць і карэктаваць правілы "ў працэсе" - гэта дурка.» 

Свае музычныя здольнасьці «Заточка» зможа прадэманстраваць на Адборышчы, што мае адбыцца 15-16 чэрвеня.

Але ўжо зараз Кепка ўпэўнены, што гурт пройдзе на Басовішча – аб чым і заявіў на магілёўскім форуме morok.ru. Аднак у гутарцы з Generation.by аджартаваўся, што гэта быў проста самаўпэўнены ход.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0539 seconds.