Амэрыканскія навукоўцы патлумачылі фэномэн дэжа вю
У пэўнай ступені тэорыя аўтараў знакамітай «Матрыцы» блізкая да праўды – дэжа вю сапраўды ўзьнікае ў выніку памылкі. Толькі глюк здараецца не ў праграме, а ў вобласьці мозгу, якая завецца зубчастай зьвілінай.
Існуе мноства працэсаў, зьвязаных з памяцьцю, якія можна па-рознаму клясыфікаваць, а таксама суадносіць іх з вызначанымі абласьцямі мозгу. Асноўнай зонай галаўнога мозгу, якая адказвае за рэалізацыю функцый памяці, зьяўляецца гіпакамп.
Нобелеўскі ляўрэат 1987 года, біёляг Сусуму Тонегава (Susumu Tonegawa) разам з групай сваіх калегаў з Масачусэцкага тэхналягічнага інстытута (MIT) выявіў, што існуе ўчастак мозгу, адказны за захаваньне і «прайграваньне» асобных эпізодаў, якія складаюцца з набору розных адчуваньняў. Гэтай часткай мозгу зьяўляецца невялікая вобласьць гіпакампа – так званая зубчастая зьвіліна (dentate gyrus).
Раней навукоўцы толькі здагадваліся аб спэцыфічнай функцыі зубчастай зьвіліны. А зараз дзякуючы новым экспэрымэнтам гэтая ідэя пацьвердзілася цалкам.
Для гэтага навукоўцы правялі досьледы, як звычайна гэта робіцца, на мышах.
Былі выведзеныя адмысловыя мышы-мутанты, у якіх з-за адсутнасьці вызначанага гена некаторыя клеткі зубчастай зьвіліны апынуліся зьмененымі. Падчас выпрабаваньняў мышам трэба было рабіць вызначаныя дзеяньні, у сытуацыях, якія выклікалі страх.
З гэтымі заданьнямі мышы спраўляліся пасьпяхова, але праблематычным аказваліся тыя выпадкі, у якіх мышам было трэба выканаць дзеяньні, калі падзеі адбываліся ў падобных умовах.
Мышы-мутанты не маглі правесьці адрозьненьне паміж такімі кантэкстамі, таму Тонегава прыйшоў да высновы, што зубчастая зьвіліна забясьпечвае як успаміны аб вызначаных умовах, так і уменьне адрозьніваць іх.
Такім чынам, калі клеткі зубчастай зьвіліны працуюць ня надта добра, то ўзьнікае фэномен дэжа вю. Ён адбываецца ў выніку барацьбы, якая пачынаецца, калі неабходна адрозьніць дзьве надзвычай падобных сытуацыі.
Тонегава зазначыў, што з узростам фэномэн дэжа вю ў людзей здараецца часьцей, што зьвязана са старэньнем і стратай клетак зубчастай зьвіліны. Нэйрабіёляг, узрост якога набліжаецца да 70-ці год, прызнаўся, што падобнае здараецца і з ім:
«Я шмат падарожнічаю, і калі я аказваюся ў цалкам новых аэрапортах, адна частка мозгу гаворыць мне, што я тут ужо бываў. Зрэшты, астатняя яго частка ведае лепш што да чаго.»