Крэатыў і дызайн супраць паленьня
У той час як беларускае Міністэрства аховы здароўя ладзіць круглыя сталы і прэс-канфэрэнцыі па праблемах прафіляктыкі паленьня тытуня, нью-ёркская дызайнэрка Фіона Карсуэл (Fiona Carswell) падыйшла да праблемы творча. Яна вынайшла куртку для паленьня з адмыслова аформленымі лёгкімі на грудзях, якія ў патрэбны час сыгналізуюць, што час завязваць з шкоднай звычкай.
Апрануўшы такую куртку, палільшчык можа выпускаць дым у «кантэйнэр» за каўнерам, дзе разьмешчаны адмысловы аднабаковы паветраны кляпан, праз які дым і трапляе ў празрыстыя лёгкія.
У «лёгкіх» знаходзіцца паветраны фільтар, які пасьля некалькіх цыгарэтаў цямнее і робіцца карычняватым, што намякае на тое, што час завязваць з паленьнем.
Пра пэўны час дым выветрываецца і куртка атрымлівае першапачатковы выгляд.
Фіона тлумачыць: «Маім натхненьнем было не жаданьне зьмяніць людзей, а паглядзець ці такі інтуітыўны, камічны падыход да перадачы інфармацыі можа прымусіць чалавека задумацца аб праблеме паленьня па-іншаму, чым звычайная статыстыка. Як апынулася, некаторым палільшчыкам спадабалася насіць куртку і яны сталі насіць яе нават, калі не палілі. Але як толькі яна стала цямнець, ім ужо складана адчуваць гонар за тое, што іншыя людзі лічаць памылковым.»
У Беларусі ж у гэты час Міністэрства аховы здароўя ладзіць акцыю «Беларусь супраць тытуня» пад лёзунгам «Хочаш жыць – кідай паліць!». Адбудуцца круглыя сталы і прэс-канфэрэнцыі па пытаньнях прафіляктыкі паленьня тытуня, сьвяты здароўя і тэматычныя вечары. Як адзначае намесьнік міністра аховы здароўя Міхаіл Рымжа, мерапрыемствы ў першую чаргу накіраваныя на моладзевую аўдыторыю, якая часьцей падпадае пад уплыў нікатынавай залежнасьці.
Міністэрства возьмецца ня толькі за цыгарэты, але і за люлькі і (!) кальяны.
У сьвеце дызайнэрскіх вынаходак і імкненьні чыноўнікаў паставіць моладзь на «шлях правільны» вядомая прымаўка можа гучаць інакш: Не кнутом, а крэатывам ;)