McDonald's супраць McJob паводле Оксфардзкага слоўніка

Сусьветны гігант – карпарацыя McDonald's – распачаў рух за зьмену Оксфардзкага слоўніку. У 2001 годзе ў інтэрнэт-вэрсіі аднаго з самых папулярных тлумачальных слоўнікаў зьявілася дэфініцыя тэрміну «McJob» (job – праца) як «нізка аплачваемай працы без стымулаў і мізэрнымі пэрспэктывамі».

McDonald's упэўнены, што такое тлумачэньне няслушнае і састарэлае, і сьцьвярджае – 69% насельніцтва Брытаніі згодна, што слоўнік трэба аднавіць, паведамляе BBC.

Зараз у McDonald's Брытаніі можна падпісаць пэтыцыю за зьмену азначэньня слова. Або гэта можна зрабіць праз Сеціва – на адмыслова створаным сайце «Зьменім Дэфініцыю» (Change The Definition). Распачатую каралём фастфуду кампанію падтрымліваюць шмат брытанскіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў.

Непасрэдна сам тэрмін McJob узьнік у ЗША ў 1980-х гадох, а папулярным стаў праз кнігу Дугласа Копланда «Пакаленьне Х».

Па шчырым меркаваньні генэральнага дырэктара карпарацыі Дэвіда Фэахёста (Fairhurst), дадзеная ў слоўніку дэфініцыя абражае 67 тысячаў працоўных McDonald's і ўвогуле – занятых у рэстараннай справе ды турызьме.

McDonald's апытаў сваіх працоўных: 90% згодныя, што атрымалі досьвед, які будуць карысным ажно да пэнсіі, а 82 % параілі б сваім сябрам працаваць у McDonald's.

Мінулым годам карпарацыя імкнулася палепшыць стаўленьне да працоўных магчымасьцяў праз слоган «МакПэрспэктывы – болей за палову нашых кіраўнікоў пачыналі з працы ў нашых рэстарацыях. Ня блага для МакДжоб».

McDonald's прадставіць пэтыцыю Оксфардзкаму Ангельскаму Слоўніку восеньню.

У той жа час, на некаторых брытанскіх форумах пераважае іншая пазыцыя. Напрыклад, што «нельга мяняць слова толькі таму, што камусьці яно не падабаецца» альбо «дэфініцыя абражае не працоўных, а працадаўцаў». Таксама ўражаньнямі дзеляцца тыя, хто працаваў у McDonald's, напрыклад, у студэнцкія гады. Збольшага людзі добра ставяцца да гэтай працы, але не разглядаюць яе як доўгатэрміновую.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0561 seconds.