Джэймс Бонд у беларускіх лясах альбо Партызан 007
Актор, які сыграў Джэймса Бонда, будзе здымацца ў новым фільме Эда Цьвіка «Супраціў» (Defiance) пра падзеі ў часе Другой сусьветнай вайны.
Пасьля неверагоднага посьпеху стужкі «Крывавы дыямэнт» (Blood Diamond) рэжысёр Эдвард Цьвік (Edward Zwick) рыхтуе захапляльную гістарычную эпапэю пра падзеі Другой сусьветнай вайны. Праца над фільмам распачнецца ўжо ў верасьні.
Галоўны «цьвік» карціны – Даніэль Крэйг – па прызнаньні шматлікіх выданьняў самы абаяльны й прывабны Джэймс Бонд за ўсю гісторыю агента 007. З такім зорным складам фільм проста мусіць быць забойным.
Падзеі разгортваюцца па рэальнай гісторыі чатырох братоў, якія бягуць з акупаванай нацыстамі Польшчы ў беларускія лясы. Разам з групай габрэяў яны далучаюцца да партызанаў.
Дакладна роля Крэйга пакуль невядомая. Хто ведае, мо па восені мы ўбачым блакітнавокага Бонда ў нашай блакітнавокай краіне: фільм зь бюджэтам у 50 мільёнаў даляраў будуць здымаць у Канадзе і Усходняй Эўропе (а дзе, як не на Палесьсі, здымаць партызанскія эпізоды?).
Рэліз «Супраціву» заплянаваны на канец 2008 года.