Сьвет ню
Сьвет распранаецца. Прычым ня толькі ўскосна, але і літаральна. Пасьля сьмелай фотасэсіі Спэнсэра Туніка пачынаеш задавацца пытаньнем: дзе яна, тая танюткая мяжа між мастацтвам і вульгарнасьцю. Перад аб’ектывам мастака распрануліся ажно 18 тысячаў чалавек, і не дзе-небудзь, а ў кансэрватыўнай Мэксыцы.
У нядзелю 6 траўня ў самым сэрцы старажытнай культуры ацтэкаў – на плошчы Цокало (Zocalo) 18-мільённага Мэхіка – амэрыканскі фатограф Спэнсар Тунік пабіў свой уласны рэкорд: у самай масавай фотасэсіі ню ўзялі ўдзел ажно 18 тысячаў чалавек.
З дапамогаю мэгафону Тунік заахвоціў валянтэраў адначасова ўздымаць рукі або прымаць іншыя адмысловыя позы. Тое, што атрымалася, сапраўды ўражвае. Фотасэсія праводзілася на золку, сотні паліцэйскіх адганялі зацікаўленых мінакоў, а сама плошча была зачынена.
Якія можна зрабіць высновы з таго, што 18 тысяч дарослых людзей добраахвотна здымаюць зь сябе ўсё адзеньне, тым больш, што ў Мэксыцы мужчыны носяць шорты толькі падчас вакацыяў, а жанчыны не апранаюць мініспаднічак, каб не стаць ахвярамі лісьлівых поглядаў ды пошлых водгукаў?
«Гэта сапраўды спраўджвае, што мы ўжо болей не кансэрватыўнае грамадзтва. Мы вызваліся ад табу», - лічыць Фабіёла Хэрэра, 30-гадовая прафэсарка ўнівэрсытэта, якая згадзілася на фотасэсію, прычым разам са сваім хлопцам.
Сталіца другой па велічыні каталіцкай краіны сьвету, дзе ў пашане мужчынская брутальнасьць і сямейныя каштоўнасьці, апошнім часам перагледзела некаторыя важныя традыцыі.
Мінулым месяцам чыноўнікі Мэхіка легалізавалі аборты, нягледзячы на жорсткі супраціў царквы.
Таксама прасунуліся наперад у пытаньнях шлюбу й гей-пары, а яшчэ чыноўнікі плянуюць абмеркаваць дазвол эўтаназіі.
Але ня ўсім жыхарам мэгаполісу прыйшлася да спадобы ідэя Туніка:
«Тыя мужчыны і жанчыны губляюць пачуцьцё ўласнай годнасьці, гэта абраза царкве», - кажа 63-гадовы Армандо Пінэда, гледзячы на мадэлей Туніка.
Ня першы раз народ ледзьве не падае ад нечаканасьці: масавыя фотасэсіі Туніка ладзіліся ў розных гарадох, ад Дзюсэльдорфу да Каракасу. Ягоны папярэдні рэкорд – сем тысячаў абсалютна голых людзей – быў зафіксаваны ў Барсэлёне ў 2003 г.
За такі скандальны падыход да фотамастацтва Туніка некалькі разоў затрымлівалі ў Нью-Ёрку, але Вярхоўны суд пацьвердзіў ягонае права на свабоду слова.
«Мая праца зьвязаная з аголенасьцю, якая можа быць сэксуальнай, а можа быць жахлівай. Тут аголенае цела можа быць агрэсіўным альбо прыгожым аголеным целам. У сваёй працы я выкарыстоўваю аголеныя целы ў якасьці сродкаў для стварэньня жывых скульптураў. Тут не так шмат сэксуальнасьці, як гэта можа падавацца», - распавядае ў сваіх інтэрвію Спэнсэр Тунік.
На сайце Туніка любы чалавек без комплексаў можа зарэгістравацца, каб далучыцца да ўдзелу ў будучых істаляцыях. Паглядзець творчасьць фатографа можна наўпрост набраўшы ў Google Spencer Tunick і шукаць па выявах, альбо можна наведаць галерэі на i-20.com, halesgallery.com.