Хабар па-аўстрыйску ці Студэнты і маркетынгавыя тэхналёгіі
Жыць у венскім студэнцкім інтэрнаце – значыць стаць мішэньню рознага кшталту прамацыйных кампаніяў. Любое прадпрыемства (сталеліцейная прамысловасьць не ўключаецца), NGO ці палітычная партыя ўсьведамляе, як шмат магчымасьцяў хаваецца ў такой мэтавай групе спажыўцоў прадукцыі ці інфармацыі, як моладзь. І як значна імавернасьць посьпеху прамоцыі павялічваецца, калі вялікая іх колькасьць жыве пад адным дахам.
Як цудоўна, калі можна заплаціць кур’еру і зэканоміць на тэлерэкляме, якую «мэтавая група» ўсё роўна не пабачыць, бо чытае навіны і глядзіць фільмы ў інтэрнэце. А міма свайго месца жыхарства ня пройдзеш! І як вынік мы, жыхары гэтага месца няспыннага маркетынгавага экспэрымэнту, становімся ахвярамі рэклямы.
І гэта ня толькі спам у выглядзе кожны раз амаль цалкам забітай рознымі флаерамі паштовай скрыні. Гэта папяровы спам «на», «побач» і «пад» дзьвярыма ў твой пакой!
Часам, праўда, кампаніі і арганізацыі ідуць далей. Каб зьвярнуць на сябе ўвагу, яны ідуць на самы сапраўдны хабар! Але факт, што такі хабар нас (яго атрымальнікаў) ні да чаго не абавязвае, зьяўляецца бясспрэчнай выгодай становішча дасьледуемых мышак у гэтым экспэрымэнце.
У час, калі ў Аўстрыі быў невялічкі палітычны крызыс пасьля выбараў у парлямэнт і калі партыі доўга не маглі ўтварыць кааліцыю, актывісты моладзевых партыяў адчынялі ў лобі інтэрнату бясплатную кавярню. Адразу ў холе накрываліся сталы і заварвалася гарачая кава, уключалася моладзевая радыё-станцыя з апошнімі навінамі з паседжаньняў парлямэнту. Тут жа можна было зьесьці бэрлінэр, выпіць кавы і абмеркаваць сваё стаўленьне да палітычнай сытуацыі ў краіне. І вы думаеце мала чалавек такая акцыя зачапіла? Думаеце мала каму хацелася ў халодны восеньскі дзень выпіць кавы на халяву?
Яшчэ прыклад. Часам ля падыходу да пакою можна знайсьці часопіс. А часам на часопісе яшчэ што-небудзь. Так, сёньня на часопісе ляжаў яблык і паперка з сайтам арганізацыі, якая выпускае таксама і той часопіс. Ля кожных дзьвярэй было па два яблыкі. Уявіце такі доўгі калідор, а ўздоўж сьценаў – шэраг яблыкаў! Ішла па калідоры і думала: «Ужо восень прыйшла?» Дарэчы, і часопіс і сайт я праверыла. Справа ў тым, што ў траўні адбываюцца выбары ў студэнцкіх арганізацыях і трэба павялічыць яўку, а значыць прыцягнуць увагу :).
Некалі гэтак жа стаялі 0,5л-бутэлькі з ліманадам. А перад гэтым... Падушкі! Ля кожнага пакою ляжала па 2 ружовыя падушкі ад кампаніі «T-Mobile» з лёзунгам «Relax mit mir»! І гэта ня тое самае, што ты іх знаходзіш недзе ў парку, нібы гэтыя падарункі нехта згубіў і можа вярнуцца за імі. Тут нехта наўмысна табе пакідае падарунак. І хочаш-ня хочаш, але вока зачэпіцца за назву фірмы-дабразычліўца.
Я ўсё чакаю, калі Apple тут iPodы пачне дарыць.... Ну ці хаця б iRivers... Добра, што няма злой ці нават добрай вахцёркі, якая можа спыніць таго кур’ера, што пакіне ля маіх дзьвярэй жаданы iPod!
Аўтар фота Тацяна Аляксеева