Гарадзкі экстрым
Трымайцеся за поручні і не выходзьце праз столевыя люкі! Пакуль яшчэ для нас, для студэнтаў, а таксама для нашых малодшых таварышаў – дзяцей, грамадзянскі транспарт – не раскоша, а сродак перасоўваньня. У хуткім часе аўтобусы/тралейбусы/ трамваі/мэтро застануцца ў нашых мроях, а на вучобу-працу будзем дабірацца на роліках-роварах або сваіх дзьвюх. Па сьвежанькаму, так бы мовіць, асабліва цёплыя ўражаньні ад паездак па талёнчыках за 250 бел. руб.
Пра зайцаў
Грамадзкі транспарт ужо даўна стаў гульнёю на выжываньне. Штодзень мы становімся сьведкамі, а то і ўдзельнікамі недзіцячых драмаў.
Чым мацней транспартныя службы закручваюць шрупкі, тым болей у людзей азарту абысьці і падмануць. У сваю чаргу кантралёры з зайздросным імпэтам бяруцца за справу.
Асабліва відовішчна атрымліваецца ў груповак у сініх камізэльках. Пры гэтым нецьвярозыя ці брудныя зайцы іх мала цікавяць – іхнія аргумэнты вядомыя загадзя… Куды прыемней выцягнуць добра апранутага і па ўсім адукаванага зайца, «паабшацца» ды й грошыкі за тое атрымаць.
Навошта людзі апранаюць цёмна-сінія курткі? Дый яшчэ з нашыўкамі? Толькі злодзеі могуць так рабіць! Стаіш, углядаесься праз бруднае шкло ў натоўп на прыпынку, сьціскаючы дзяжурны талёнчык. І паспрабуй тут зразумець здаля, дзе сапраўдныя кантралёры! А сэрца бешана б’ецца…
Інтэрвію з кантралёрам
Рэальная гісторыя: еду я на сустрэчу, якраз зьявілася думка пра артыкул гэты. Так задумалася, а тут – кантралёры! Як звычайна – цэлая зграя. Ну і вывелі пад белы ручанькі. Атрымаўся амаль сьледчы экспэрымэнт. Кажу – журналістка, пра вас, родненькіх, напісаць хачу. Прапусьцілі яны колькі аб’ектаў – пра гаротны лёс кантралёрскі распавялі… Ну і мяне, натуральна, адпусьцілі :)
Каб стаць кантралёрам ня трэба пасьля школы забіваць сабе галаву непатрэбнымі ведамі. Усё проста – інструкцыя. І форму выдаюць. Але ж кліенты трапляюцца розныя… Нацярпеліся кантралёры ад нашага брата!
Аматараў дзяжурных талёнчыкаў папярэджваем – ніяк іх прабіць у апошні момант. Калі цябе застукалі падчас працэсу кампасьціраваньня – лічы, заяц. Права ехаць на працягу аднаго прыпынку без талёна – фікцыя. Зайшоў – прабіў.
А як хацелася сфатаграфаваць гэтыя мілыя й добразычлівыя твары! Але ж кантралёры пры выкананьні – як міліцыянты. Здымаць іх забараняецца. Таму проста перадаю прывітаньне.
Ёсьць такі чалавек - кандуктар
Кандуктару патрэбен зычны голас, моцныя нэрвы ды пачуцьцё гумору. Цяжэй за ўсё прымусіць аплачваць праезд за адзін прыпынак. Штрафаваць кандуктары ня маюць права, але могуць высадзіць. Увесь час прыходзіцца рабіць няпросты маральны выбар – пэнсія малая, стыпуху не далі, апахмяліцца няма на што, гаманец скралі… Амаль усе кандуктары – асобы харызматычныя. У некаторых хочацца набыць адразу ўсю вязанку талёнчыкаў. Нягледзячы на нязручнасьць гэтай новай формы аплаты – раней можна было яшчэ і на потым набыць талёнаў – ёсьць штосьці такое ў іх, рэтра-стыль нейкі.
Пры гэтым, права на ільготны праезд маюць толькі студэнты дзённай формы навучаньня ў незалежнасьці ад ВНУ і краіны навучаньня, калі яны грамадзяне РБ. У якасьці рэчавага доказу прымаецца выключна студэнцкі – ніякіх заліковак або айсікаў.
А па зьвестках БЕЛТА, зь першага красавіка ўводзяцца абмежаваньні на колькасьць паездак па плястыкавых праязных у мэтро – ня болей за 120 паездак на месяц і 42 – на дэкаду. У Маскве норма – 70. Гэта каб па адной картцы ўсёй сям’ёй не каталіся.
Ну і, зразумела, у хуткім часе можна чакаць пашырэньня шэрагаў кандуктараў ды кантралёраў. Калі ўсё ж такі адменяць ільготны праезд, нават тыя нямногія чэсныя студэнты, што спраўна прабівалі талёнчыкі, пяройдуць у заячую кампанію. Хутчэй за ўсё, грошы ад падвышэньня аплаты праезду пойдуць не да маці і дзіця, а на заработную плату новым кантралюючым адзінкам. Як выйсьце, можна распачаць продаж ліцэнзіяў на паляваньне на зайцаў, гэта прывабіць аматараў актыўнага адпачынку і заместа выдаткаў прынясе казьне прыбыткі.
Карэту мне, карэту
Ёсьць нейкі зграйны інстынкт на нашым транспарце. Тралейбусы звычайна таксама кучкуюцца. Аднойчы налічыла восем штук запар! Прачакаўшы хвілін 20. Мабыць, рухацца па горадзе па аднаму зь інтэрвалам у пару хвілінаў небясьпечна. Куды прыемней расьцягнуцца ад прыпынку да прыпынку. Па-першае – трэба не ўпусьціць свой нумар. Што даволі цяжка, калі ён прыйдзе восьмым, а ты стаіш ля першага. Вось і рухаецца народ дробнымі перабежкамі. Паспрабуй зразумець, адчыняцца дзьверы ці не.
Асабліва ўразіла такое ноў-хаў, як стаячыя месцы ў маршрутках. Па заканадаўству гэта недапушчальна, так як колькасьць пасажыраў мусіць раўняцца колькасьці сядзячых месцаў.
Крэатыў
Па шчырым прызнаньні Ўлада Савельева – крэатыўшчыка адной зь менскіх рэклямных агенцыяў – натхненьне ён шукае ў гарадзкім транспарце. Уладаў бос нават хацеў падараваць яму праязны на ўсе віды транспарту.
Але транспарт бывае розны. Мне дык падаецца аўтобус нумар 19 – самае тое. Гэта ня проста аўтобус – гэта шматфункцыянальны рухавік грамадзкай думкі! Там можна:
- па-першае, пагрэцца: там заўжды горача;
- па-другое, паэты-песенікі могуць выконваць там свае творы;
- піўка выпіць;
- праслухаць улюблёны кіроўцам «Шансон – the best»;
- ці «Рынгтон – што ёсьць»;
- даведацца пра зьмест «Народнай Волі» і «Савецкай Беларусі» з камэнтарамі;
- ці пра кошты ўсяго на сьвеце, ад Камароўкі да іпатэкі ў Маскве;
- параду, на што можна перарабіць стары парасон (торбу пашыць, прыкладам)…
Шмат чаго можна! Але вось неспадзяванка – прагрэс дабраўся да аўтобуса нумар 19. І зараз старыя блакітна-беленькія замяняюць на новыя зялёныя. Таварышы, сябры, калегі і каляжанкі! Уратуем дарагія зь дзяцінства басы! Мо ліст калектыўны напісаць у міністэрства? Ці канцэрт які ў падтрымку зладзіць, «Рок за 19»? :)
Увогуле ж, тэрмін эксплюатацыі аўтобусаў у залежнасьці ад вагі – 10-15 гадоў ад выпуску. Агулам знос грамадзкага транспарту ажно 70%!
А яшчэ, у тралейбусе ў раёне Трактарнага заводу сьпявае пад акардэон свае песьні невядомы мужчына са сьветлымі вачыма. Нешта падказвае, што ня мае ён магчымасьці карыстацца Сецівам, а так хацелася б перадаць яму яшчэ раз шчыры дзякуй за ягоныя песьні на беларускай мове. Не ўсё адно злыя ды раздражнёныя людзі таўкуцца ў аўтобусах, тралейбусах, трамваях ды мэтро – трапляюцца й паэты…